Калі Марыю Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю калонію — крыніца
Крыніца Новага Часу распавяла надзвычай трывожныя навіны з гомельскай калоніі ПК-4, дзе ўтрымліваюць Марыю Калеснікаву, Насту Лойка і іншых палітзняволеных.
З кастрычніка 2023 Марыі Калеснікавай не перадаюць лісты, пры гэтым «рвуць іх» на вачах у палітзняволенай і «ўсяляк здзекуюцца» з яе.
Таксама вядома, што Марыя прасіла пра медыцынскую дапамогу, аднак лекараў да яе «вельмі доўга» не дапускалі. Аднойчы, са словаў крыніцы, жанчыну ўсё ж вадзілі ў мед. частку, «аднак незразумела, што ў выніку».
– Калі Марыю Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю турму, — кажа суразмоўца. — Такое адчуванне, нібыта вайсковае становішча».
Суразмоўца кажа, што супрацоўнікі калоніі маніпулююць любымі чуткамі, плёткамі і асабістымі звесткамі пра зняволеных.
– Зняволенай, мужа якой затрымалі адразу пасля спаткання з ёй, паўтараюць, што гэта яна яго пасадзіла, — распавядае крыніца.
– Яны не збіваюць, але вось гэтыя здзекі — паўсюль. У прыватнасці, да апошняга не кажуць зняволеным, ці будзе ў іх спатканне са сваякамі. Альбо проста пазбаўляюць спаткання.
Суразмоўца кажа, што жанчын у гомельскай калоніі вымушалі разбіраць мяхі з гнілой бульбай. «Яна цалкам гнілая, уся заражаная. І вось такой бульбай зняволеныя харчаваліся недзе месяц».
Крыніца распавядае, што адна з супрацоўніц калоніі раздавала суп і казала зняволеным: «Я забараняю вам гэта есці».
– Медыкі ў калоніі — гэта проста пякельныя стварэнні, — кажа суразмоўца.
«У адной са зняволеных моцныя праблемы з ціскам. На пастраенні яна часам губляла прытомнасць. Ёй хацелі даць нейкую таблетку, але ж жанчына нават не магла дайсці да стала з лекамі — уставала і падала, уставала і падала. Тады лекар сказаў абыякава: не можаш ісці? Паўзі».
Іншая зняволеная, кажа крыніца, заразілася ў калоніі каростай. «Было відавочна, што гэта кароста, але лекары ўпарта казалі, што гэта проста нейкая алергія, бо нібыта жанчына за дзень з'ела 8 марозіваў. Вось такі ўзровень абсурда».
Читайте еще
Избранное