Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Калі вы сцвярджаеце, што санкцыі вас толькі ўзмацняюць, то чаму ж на ўсіх міжнародных пляцоўках просіце іх зняць?»

Палітолаг — пра еўрапейскую бюракратыю, змяншэнне саюзнага патэнцыялу і ком праблем, якія не рассмоктваюцца.

У праекце новага санкцыйнага пакета ад Еўрасаюза, які мяркуецца прыняць да 24 лютага, — шэсць беларускіх грамадзян і тры абаронныя прадпрыемствы. Як паведаміла «Радыё Свабода» са спасылкай на крыніцы ў Бруселі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага спісу супраць Расіі трапіла некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў, а таксама праўладных грамадскіх арганізацый.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра Аршанскі авіярамонтны завод і Барысаўскі завод па рамонце радыёэлектроннай зброі, якія выконваюць замовы расійскай «абаронкі», а таксама пра Аляксея Талая і ягоны дабрачынны фонд, якія наўпрост займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Але мера выглядае запозненай: памагатыя расійскай агрэсіі дзейнічаюць даўно, а абмежаванні адносна іх толькі плануюцца. Чым выкліканая такая марудная рэакцыя ЕС — адсутнасцю іншых інструментаў уплыву, пакіданнем вакна магчымасцяў для дыялогу, дзейнасцю лабістаў РФ (а паколькі Беларусь ідзе ў санкцыйных пакетах «за кампанію», то і ёй менш прылятае), альбо дзейнічаюць іншыя чыннікі?

— Думаецца, асноўны фактар — чыста бюракратычны. Пры складанні спісаў людзі, якія гэтым займаюцца, не могуць ахапіць усё: праблемных момантаў хапае, існуюць розныя падыходы, не заўжды ёсць поўнае разуменне сітуацыі.

І нават расійскія абарончыя прадпрыемствы, як мы бачым, не заўжды аператыўна ўключаліся ў такія спісы, — гаворыць у каментары Филину доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч

— Тым больш, што тычыцца стрымлівання Расіі праз санкцыі, беларускае пытанне тут знаходзіцца на перыферыі, таму часта выпадае з-пад увагі.

Уплыў лабістаў, мяркуе Андрэй Казакевіч, у цяперашнім канкрэтным выпадку — абмежаванні супраць абарончых прадпрыемстваў — уяўляецца дастаткова спрэчным. Значна большыя магчымасці лабісты маюць, калі справа тычыцца калію альбо дрэваапрацоўкі і іншых неваенных сфер:

— Тут поле для легальнага і паўлегальнага лабізму дастаткова шырокае. Але ваенныя прадпрыемствы — значна больш палітычна чуллівы момант, тут менш магчымасцяў для лабіявання і больш рызыкоўна займацца гэтым у Бруселі.

Беларуская прапаганда і чыноўнікі любяць казаць, што санкцыі не працуюць, і насуперак усім абмежаванням эканоміка расце і развіваецца — але ці так гэта, ці ўсё ж кумулятыўны эфект абмежаванні маюць?

— Калі мы кажам пра эфектыўнасць таго ці іншага механізму, трэба разумець, якія ставяцца мэты, — зазначае аналітык. — Відавочна, што санкцыі аказваюць вельмі вялікі негатыўны ўплыў на беларускую эканоміку. І ён прызнаецца ў тым ліку беларускімі ўладамі.

Складваецца ўражанне, што для Лукашэнкі і ягоных падначаленых санкцыі — гэта нешта кшталту ковіду: так-то праблемы няма, але калі трэба апраўдаць нейкія правалы, то яна ёсць.

— Так, — пагаджаецца аналітык, — наратывы, якія беларускі рэжым выкарыстоўвае ў дачыненні санкцый, насамрэч розныя і часам нават супярэчлівыя. Бо калі вы сцвярджаеце, што санкцыі вас толькі ўзмацняюць і загартоўваюць, то чаму ж на ўсіх міжнародных пляцоўках заяўляеце, што яны незаконныя, несправядлівыя, і просіце іх зняць?

Для шырокай публікі ёсць наратыў, што «санкцыі не дзейнічаюць», «нам усё роўна, выплывем» і гэтак далей. Але хапае і выказванняў, якія сведчаць, што ўсё не так добра. Трэба пераарыентоўвацца на іншыя рынкі, а гэта час і грошы.

Многія схемы, якія замяшчаюць супрацоўніцтва з краінамі Захаду, з’яўляюцца значна менш прыбытковымі, да таго ж узнікаюць, вядома, праблемы з тэхналогіямі, абсталяваннем, з магчымасцямі мадэрнізацыі прадпрыемстваў і іх далейшага развіцця.

Гэты ком праблем, дадае Андрэй Казакевіч, будзе толькі назапашвацца, і ўплыў санкцый адаб’ецца на перспектывах, перш за ўсё эканамічных, на доўгія гады наперад:

— Кумулятыўны эфект санкцый сапраўды ёсць, і не бачна схем, якія б дазволілі бязбольна перастроіцца ў плане экспарту. Па вялікім рахунку, сітуацыю выцягвае толькі тое, што Расія пакуль мае дастатковую колькасць рэсурсаў, каб закрываць гэтыя дзіркі, дпамагаючы Беларусі і наўпрост, і ўскосна, размяшчаючы ваенныя заказы на беларускіх прадпрыемствах, разумеючы важнасць Беларусі для сябе з пункту гледжання геапалітычнага і ваеннага.

Таму Расія гатовая інвеставаць і робіць гэта (што, дарэчы, павялічвае залежнасць Беларусі і з’яўляецца яшчэ адной праблемай). Але калі расійскіх грошай стане менш, то ў  беларускіх уладаў будуць вялікія праблемы.

Вяртаючыся да пытання эфектыўнасці санкцыйнага ціску, аналітык рэзюмуе:

— Калі ЕС ставіць такую мэту, што санкцыі мусяць эканамічна аслабіць саюзніка агрэсара, стрымліваць беларускі патэнцыял, каб было менш магчымасцяў дапамагаць Расіі весці вайну (вырабляць і рамантаваць зброю, падтрымліваць уласную армію ў шырокім сэнсе слова, і г.д.), то санкцыі дзейнічаюць і будуць дзейнічаць.

Калі ж мець на ўвазе іншыя палітычныя мэты — як часам у нас разважаюць, што санкцыі мусяць спрыяць вызваленню палітвязняў, ці, скажам, змене палітычнай сістэмы ў Беларусі — натуральна, самі па сабе санкцыі не дазваляюць гэтага наўпрост дасягнуць.

Але, на маю думку, такія мэты і не ставяцца. Мяркуючы па тым, што кажуць еўрапейскія палітыкі, мэта новага пакету санкцый — аслабіць ваенна-эканамічны патэнцыял саюзніка агрэсара. Гэтая мэта дасягаецца. Можна спрачацца аб тым, наколькі эфектыўна і хутка, але азначаны патэнцыял ужо скарачаецца і надалей можа яшчэ зменшыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)