Гэта вельмі простая рэч: чым далей, тым менш людзей гатовыя працаваць не на сваім і жыць не ў сваім. І калі з жытловай нерухомсцю (не бярэм пад увагу штучныя аграгарадкі, гэта асобная гісторыя) яшчэ больш-менш нармалёва, тут прыватная ўласнасць існуе — то з зямлёй, якую нехта і жадаў бы апрацоўваць, браць яшчэ большы аб’ём земляў, ствараць буйнейшую гаспадарку, — тут сістэмная бяда, якая не вырашаецца.
Котаў: «Мабыць, як у «добрыя савецкія часы», будуць забараняць з’язджаць ці прымусова з гарадоў пхаць людзей у вёску»
Палітолаг — пра вельмі просты рэцэпт захавання і развіцця сяла, і чаму ён не выканальны для беларускай дзяржавы.
На праваслаўнае Раство падчас наведвання храма ў Шаршунах Лукашэнка ў прамове перад прыхаджанамі заявіў, што ў дзяржаў, якія разбурылі вёскі, «няма будучыні».
—Згубім вёску — згубім дзяржаву, яе проста не будзе. Таму я вам абяцаю як чалавек, які вырас на вёсцы, ведаючы жыццё сельскага чалавека, складанасці і цяжкасці, я зраблю ўсё, каб захаваць нашу вёску. Каб вёска — яна сёння ёсць карміліца нашых людзей, фундамент нашай дзяржавы — была моцнай, магутнай і квітнеючай, — заявіў правіцель.
Але ж рэч у тым, што падобныя пафасныя абяцанні падтрымаць вёску беларусы чуюць рэгулярна, а вынікі за 30 гадоў знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе не тое каб пазітыўныя. Так, паводле звестак Белстату, з 1994 да 2023 года колькасць сельскага насельніцтва скарацілася з 3,3 мільёна чалавек да 1,99 мільёна. Нікуды не падзеліся, нават узмацніліся і праблемы з працай, гандлем, дасяжнасцю адукацыі і медабслугоўвання.
Улады, вядома ж, знаходзяць пэўныя рашэнні: напрыклад, задзейнічаюць у бітве за ўраджай вайскоўцаў, а яшчэ павялічваюць колькасць мэтавікоў і падаўжаюць тэрмін адпрацоўкі для іх. Але ці выправяць сітуацыю такія захады, ці «фундамент дзяржавы» працягвае крышыцца і развальвацца?
Пра тое, чаго чакаць беларускай вёсцы ад новай хвалі «ратавання» і чаму дзяржпадтрымка не прыносіць плёну, Филин пагутарыў з экс-дзяржслужачым, палітолагам Анатолем Котавым.
— Галоўная праблема беларускай вёскі, з чаго вынікае, што нічога не зменіцца, а будзе толькі горш — гэта падыход уладаў да разумення таго, што патрэбна людзям, якія яшчэ жывуць і працуюць на вёсцы, ці наадварот, якія адтуль з’язджаюць — чаму яны гэта робяць.
Вядома, можна ўсё спісваць на тое, што ў заходняй цывілізацыі (а мы ўсё ж бліжэй да Захаду) ручная праца становіцца менш запатрабаванай, ідзе механізацыя і г.д. То бок, суцяшаць сябе тым, што працэс скарачэння людзей на вёсцы носіць натуральны характар.
Але ж праблема, якая за 30 год не вырашаная і да вырашэння якой беларускія ўлады нават не наблізіліся — права ўласнасці на зямлю. Даступнасць зямлі для тых, хто жадае на ёй працаваць.А таксама гарантыі недатыкальнасці гэтага права ўласнасці ў доўгатэрміновай перспектыве.
А гэта, натуральна, не спрыяе таму, каб людзі заставаліся ў вёсцы і працавалі на зямлі. Наогул, цяжка знайсці краіну, дзе былі б прыгожыя, дагледжаныя вёскі — і не было б прыватнай уласнасці на зямлю.
Усё, што «сацыялістычна-камуністычна-камунальнае», дзе людзей фактычна прымушаюць працаваць на чужой зямлі, прыводзіць да таго, што яны пачуваюцца не гаспадарамі, а наймітамі. Адсюль і стаўленне адпаведнае: усё наўкол калгаснае, то бок, нічыйнае.
За 30 год, канстатуе Анатоль Котаў, рэжым Лукашэнкі не наблізіўся да вырашэння праблемы прыватнай уласнасці на зямлю. Для фермераў няма даступных крэдытаў на набыццё зямлі і тэхнікі, нават на тое, каб разбудаваць свае хаты, узбуйняць гаспадарку, «каб вёска, умоўна кажучы, з драўлянай рабілася каменнай».
Сітуацыю ў Беларусі палітолаг параўноўвае з суседняй Польшчай, дзе вёска хоць і была не цалкам «калгаснай», але пасля развалу СССР паўстала самая праблема: як заахвоціць людзей працаваць на зямлі і заставацца на сяле, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах, бліжэйшых да Беларусі, так званая «Польшча Б».
— І толькі тым, што былі ільготныя крэдыты, субсідыі на тое, каб людзі займаліся сваёй справай — на сваім, менш чым за 30 гадоў яны дамагліся таго, што гэтай «польскай Б» ужо амаль няма, яна па развіцці дагнала, а дзе-нідзе і перагнала «Польшчу А», у прыватнасці, на вёсцы, — зазначае Анатоль Котаў.
— Аграгарадкі, ФАПы, вясковыя крамы — гэта ўсё добра, але не тады, калі яно ствараецца штучна. Няслушна меркаваць, што няма людзей у вёсцы таму, што няма лякарні: у нармалёвай сітуацыі лякарня сама з’явіцца, калі ў вёсцы ёсць людзі, калі ў іх ёсць галоўнае — матывацыя жыць і працаваць. Бо адзінае, што добра трымае людзей на зямлі — іхняя ўласнасць, свой дом і свая зямля.
Пакуль не будзе зменены гэты падыход — усё, што адбывалася з вёскай на працягу 30 гадоў, калі яе «ратавалі» і ў чарговы раз будуць «ратаваць», так і працягнецца. І насамрэч яе будуць далей забіваць.
Аналітык звяртае ўвагу, што яшчэ вынікае з прамоў правіцеля аб захаванні вёскі. Нядаўна Лукашэнка, прызначаючы памочніка па Віцебскай вобласці, распарадзіўся: маўляў, трэба браць людзей з горада, каб яны працавалі на складанай тэхніцы, «энерганасычаных камбайнах і трактарах».
— Вынікае, што працаўнікі, якія засталіся ў вёсцы, не настолькі адукаваныя, каб працаваць на сучаснай тэхніцы. Нават калі пакінуць убаку момант, што і тэхніка не зусім сучасная — атрымліваецца, не хапае людзей з нармальным узроўнем адукацыі, і трэба ці то грашыма заманьваць, ці пад прымусам людзей з горада цягнуць, каб яны працавалі ў пасяўную ці ўборачную кампанію? Але ж гэта цалкам ненатуральны працэс, які сведчыць аб тым, што людзей у вёсцы значна менш, чым магло быць пры існуючым узроўні механізацыі.
Мабыць, як у «добрыя савецкія часы», якія так любіць згадваць Аляксандр Лукашэнка, будуць ці то забараняць з’язджаць — папросту адбіраць пашпарты, ці то прымусова з гарадоў пхаць людзей у вёску. І гэта зноў не прывядзе да нейкіх добрых вынікаў.
Калі б людзям далі ўласнасць, даступныя крэдыты, калі б у іх была поўная ўпэўненасць, што праз год-два гэтую зямлю не забяруць назад, бо інвестыцыі ў сельскую гаспадарку — перспектыва на дзесяцігоддзі, — гэта і было б тым чыннікам, які замацоўваў бы людзей на зямлі. Але тое не пра сучасную беларускую дзяржаву. Даць людзям не абмежаваную дзясяткамі ўзгадненняў уласнасць на зямлю — рэцэпт для дзеючай улады невыканальны.
P.S. Вось дзве свежыя навіны, якія цудоўна адлюстроўваюць стасункі паміж дзяржавай і працаўнікамі на вёсцы. У Беларусі МАРГ падаў у суд на фермера за не пазначаны ў дакументах памер капусты (яго аштрафавалі), а ў Германіі і Літве фермеры пачалі забастоўкі, патрабуючы захавання падатковых ільгот, у прыватнасці, коштаў на паліва (і ўрады вядуць з імі перамовы і гатовыя да саступак). Ці не праўда, якое рознае стаўленне да падмурку харчовай бяспекі дзяржавы?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное