Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Пункты пропуску зачыняюцца не дзеля таго, каб націснуць на рэжым, а проста таму, што Літва лічыць беларусаў небяспекай для сябе»

Палітолаг Анатоль Котаў — пра тое, чаму скасавання дамоў аб узаемным гандлю ніхто не заўважыць, і па кім ударыць далейшае закрыццё межаў з ЕС.

Літва збіраецца ў аднабаковым парадку скасаваць пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю і Расіяй. Як паведамляе Lrt.lt, праекты пастаноў ужо гатовыя і апублікаваныя знешнепалітычным ведамствам, засталося толькі рашэнне ўраду.

Названыя дамовы былі падпісаны яшчэ трыццаць год таму, у 1993-94 гадах. Цяпер жа, на думку  МЗС Літвы, улічваючы, што агрэсія супраць Украіны працягваецца, і той факт, што гандлёвае супрацоўніцтва цалкам прыпыненае і немагчымае, пагадненні мусяць быць дэнансаваныя.

Што гэтае рашэнне па вялікім рахунку (не)зменіць у дачыненнях Літвы і Беларусі, Филин абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.

Анатоль Котаў

— На вашу думку, скасаванне даўнейшых дамоў аб спрыянні гандлю — рашэнне тэхнічнае, каб зацвердзіць бягучы стан спраў, ці палітычнае, каб падкрэсліць далейшае адмежаванне ад любых стасункаў з краінай-агрэсарам і суагрэсарам?

— Мяркую, ані тэхнічна, ані палітычнае, а хутчэй, сымбалічнае. Таму што галоўнае, што было ў гэтых пагадненнях — гэта палажэнне аб тым, што ўтвараюцца двухбаковыя міжурадавыя камісіі, якія і разглядаюць пытанні ўзаемнага гандлю.

Усё астатняе ў сучасных умовах не мае аніякага дачынення да рэчаіснасці, бо гандаль існуе незалежна ад наяўнасці пагаднення Беларусі з Літвой: Беларусь — гэта Беларусь, а Літва — частка ЕС і чалец Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Але і пункт аб дзеянні міжурадавых камісій, дадае Анатоль Котаў, ужо некалькі гадоў як неактуальны. Пасяджэнні двухбаковых камісій Беларусі і Літвы з 2015 года не ладзіліся.

— Таму гэты крок — чыста сымбалічны, ніхто і не заўважыць, што гэтыя пагадненні ўжо не існуюць.

«Яшчэ плюс чатыры, шэсць, дзесяць гадзін аўтамабілі будуць стаяць у чарзе»

Фото postawy.by

— Сёння стала вядома, што ўрад Літвы ўхваліў закрыццё яшчэ двух КПП на беларуска-літоўскай мяжы: з 1 сакавіка 2024 года не будуць працаваць пункты пропуску «Лаварышкес» («Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). І вось гэта ўжо напэўна заўважаць. Як можа, і ці будзе, адрэагаваць афіцыйны Мінск?

— Тут трэба разабрацца, хто найперш заўважыць закрыццё гэтых КПП: рэжым ці беларусы?

На маю думку, тое, што закрываюцца менавіта тыя пункты пропуску, дзе быў пасажырскі паток, што ў тых двух пунктах пропуску, якія застаюцца, абмяжоўваецца рух фізічных асоб (мяжу нельга будзе перасячы пешшу ці на ровары), скарачаецца колькасць дазволаў на перавозкі пасажыраў, — сведчыць аб тым, што галоўная мэта — абмежаваць рух асоб.

То бок гэта заўважаць збольшага беларусы.

З’явяцца больш сур’ёзныя чэргі грузавых аўтамабіляў у дзейных пунктах пропуску. Яшчэ плюс чатыры, шэсць, дзесяць гадзін аўтамабілі і аўтобусы будуць стаяць у чарзе. Гэта не надта заўважная мера, хаця і трошкі балючая для рэжыму, бо перш за ўсё наступствы гэтага рашэння зазнаюць на сабе беларусы.

Сітуацыю, якая складваецца з далейшым закрыццём пунктаў пропуску на межах Беларусі і еўрапейскіх краін, Анатоль Котаў называе парадаксальнай:

— Вы лічыце Беларусь канцлагерам ці чымсьці накшталт таго, — але фактычна дапамагаеце Лукашэнку дзверы ў гэты канцлагер зачыніць. Чаму?

Калі ёсць мэта націснуць на рэжым, то падобныя рухі павінны быць абумоўлены пэўнымі патрабаваннямі. Прыкладам, абвясціць: мы можам праз два тыдні зачыніць два пункты пропуску, і гэта будзе балюча — але, калі вы выпусціце Статкевіча ці сто жанчын, то зачыняць не будзем.

Але аніякіх умоў не выстаўляецца. Гэта сведчыць аб тым, што пункты пропуску зачыняюцца не дзеля таго, каб націснуць на рэжым і паспрабаваць яго накіраваць на пэўныя дзеянні, а проста таму, што Літва лічыць беларусаў небяспекай для сябе. І гэта вельмі прыкра.

Але гэта пытанне да літоўскага боку: чаму ў дадзеным выпадку яны больш дапамагаюць Лукашэнку?

І таксама пытанне да Офісу Святланы Ціханоўскай і ўсіх структур, якія знаходзяцца ў Вільні: што яны будуць з гэтым рабіць? Бо да таго, каб еўрапейская мяжа была цалкам закрытая для беларусаў, засталося літаральна некалькі пунктаў пропуску на ўсёй працягласці мяжы з ЕС.

«Дылема — як падзяляць беларусаў і рэжым»

Адметна, як рэагуе на будучае закрыццё пунктаў пропуску беларуская прапаганда. Так, раёнка «Астравецкая праўда» са скрухай і пафасам зазначае: «Хочацца верыць, што ўрад Літвы ачомаецца і не стане разрываць сувязь з некалі братэрскімі народамі, хоць надзея памірае з кожным днём».

Дый МЗС Беларусі мінулым разам выдаў пасаж, што закрыццё КПП — гэта стварэнне перашкод для ўласных грамадзян, якія на свае вочы бачаць, што ў Беларусі бяспечна і камфортна, ёсць стабільнасць, дасяжная медыцына і шырокі выбар тавараў.

Ці не атрымліваецца, што такія крокі насамрэч умацоўваюць пазіцыю лукашэнкаўскай прапаганды: маўляў, Беларусь прапануе добрасуседства і бязвіз, а ўрады навакольных краін наўмысна пагаршаюць стасункі паміж народамі?

— Гэта якраз дылема — як падзяляць беларусаў і рэжым, — гаворыць Анатоль Котаў. — На мой погляд, калі казаць прынамсі пра мяжу, гэты падзел даволі просты.

Альбо вы дазваляеце ездзіць людзям і кантралюеце мяжу, каб не было кантрабанды, нелегальнага патоку тавараў у адзін і другі бок — і тым робіце балюча і беларускаму, і расейскаму рэжымам.

Альбо прымаеце больш простае рашэнне: фізічна закрыць пункт пропуску. Але кантрабанды ад гэтага нашмат менш не стане, бо тыя, хто яе возіць, ад пачатку гатовыя да пэўных рызыкаў, якія хіба трошкі ўзрастуць. А вось беларусам стане цяжэй ездзіць праз мяжу, і калі яшчэ нешта больш сур’ёзнае здарыцца, то ўцякаць будзе яшчэ больш складана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(27)