Цяпер «Пріорбанк», акрамя таго, што ўваходзіць у лік сістэмна значных банкаў, адметны тым, што фактычна з’яўляецца адным з асноўных вокнаў у разрахунках. Бо сёння засталося вельмі няшмат магчымасцяў для міжнародных разрахункаў, і для юрыдычных асобаў, як шмат хто з іх гаворыць, гэта «вакно ў Еўропу» — магчымасць праводзіць разрахункі па меншай меры з Польшчай, Аўстрыяй і іншымі краінамі.
Крук: «Паглыбленне ў гета робіцца ўсё больш выразным»
Эксперт — пра продаж «Пріорбанка» і яго наступствы для айчыннай эканомікі.
Raiffeisenbank International прадае сваю долю ў беларускім падраздзяленні — ААТ «Пріорбанк» — і даччыных кампаніях інвестару з ААЭ. Сыход аўстрыйцаў пацвердзілі і ў самім банку: як зазначана ў прэс-рэлізе, перамовы аб продажы знаходзяцца на «прасунутай стадыі».
Адзначаецца, што страты групы RBI ў выніку здзелкі складуць каля €225 мільёнаў у сувязі з розніцай паміж коштам пакупкі і балансавым коштам капіталу «Пріорбанк».
Дададзім: летась было зачынена 13 офісаў банка ў Беларусі. Пры тым, паводле нацыянальнага рэгулятара, «Пріорбанк» уваходзіць у лік сістэмна значных банкаў.
Як сыход аўстрыйскай кампаніі адаб’ецца на беларускай эканоміцы і шараговых кліентах, — альбо змена ўласніка ніякіх істотных перамен за сабой не пацягне? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў са старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Зміцерам Круком.
— Наступствы залежаць ад таго, пра які гарызонт часу мы гаворым, — лічыць эканаміст. — Сказаць, што гэта імгненна адаб’ецца на функцыяванні фінансавай сістэмы, на ўкладчыках, на ўзроўні крэдытавання — хутчэй, не. Той, хто набудзе «Пріорбанк», пэўна, будзе рэалізаваць сваю стратэгію, якая адрозніваецца ад бачання цяперашняга галоўнага акцыянера, але самі актывы нікуды не знікнуць.
Таму імгненнага эфекту я б не чакаў. І ўсё ж ёсць некалькі «але». Напрыклад, з пункту гледжання ўплыву на разлікі.
Перадусім для еўравых разлікаў гэта галоўны інструмент. І ці застанецца такая магчымасць, калі ўласнік зменіцца — для мяне пытанне.
Калі не — ужо ў кароткатэрміновай перспектыве гэта можа прывесці да шматлікіх праблем для беларускіх фірмаў і кампаній, якім прыйдзецца шукаць новыя шляхі для выбудоўвання плацёжных ланццужкоў.
Аднак больш важным, хоць і не такім адчувальным на сёння, эксперт лічыць трэнд на адасабленне беларускай банкаўскай сістэмы ад сусветнай, усё большае далучэнне да расейскай арбіты.
— Трэнд пачаўся нават раней за 2020 год, і з цягам часу паглыбленне ў гета робіцца ўсё больш выразным, — адзначае Зміцер Крук. — І ў гэтым рэчышчы, як мне падаецца, продаж «Пріорбанку» стане яшчэ адным важным, і не толькі сімвалічным, крокам у тым кірунку.
Эканаміст тлумачыць: у банкаўскай практыцы вельмі важны доступ да сучасных тэхналогій, якія найчасцей прыходзяць праз камунікацыю з банкамі з іншых краін. Акурат гэтым вызначалася беларускае падраздзяленне аўстрыйскай RBI: шмат па якіх кірунках «Пріорбанк» быў піянерам, дзякуючы вопыту мацярынскіх структур прапаноўваў найсучасныя паслугі і прадукты.
— У гэтай сферы, думаю, праблема будзе нарастаць. Не тое каб яна аднамоманта прывяла да нейкай катастрофы, але роля банкаўскай сістэмы ў пераразмеркаванні рэсурсаў і падмацаванні рэальнай эканомікі будзе ўсё больш і больш абмежаванай, — лічыць Зміцер Крук.
Яшчэ адным праблемным пунктам у доўгатэрміновай перспектыве, на яго думку, стане доступ да «жывой валюты». Адна справа, калі мацярынская структура — замежны банк, а ў цябе не стае, напрыклад, еўра, то можна лёгка і проста пазычыць валюту. Калі ж гаворка ідзе пра расейскі банк, гэты механізм у значнай ступені становіцца недасяжным.
— Адметна, што сваёй расейскай «дачкі» RBI не пазбавіўся, хоць гаворка пра тое ішла яшчэ летась. Як мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, цяперашні гучны сыход з Беларусі мае на мэце, па-першае, падкрэсліць статус Беларусі як таксічнай для бізнесу краіны, а па-другое, адцягнуць увагу ад таго, што праца з РФ працягваецца. На ваш погляд, ці слушная такая ацэнка?
—Тут мала фактычнай інфармацыі і мы пагружаемся ў домыслы і развагі, але дапускаю, што такое можа быць. Калі паспрабаваць паставіць сябе на месца Raiffeisenbank, яго актыўнае функцыянаванне ў краінах Усходняй Еўропы і канкрэтна ў Расіі, безумоўна, накладвае пэўны адбітак, выклікае насцярожанае стаўленне — то бок, рэпутацыйныя выдаткі ён у сувязі з гэтым нясе.
Беларусь, калі параўноўваць выдаткі і магчымасці зарабіць, у суадносінах з расейскім даччыным банкам прайграе. Бо на беларускім рынку столькі, колькі ў РФ, не заробіш, банальна не тыя аб’ёмы, а рэпутацыйныя страты ад памеру не надта залежаць. Таму беларускі актыў, «Пріорбанк», з іх пункту гледжання наўрад ці варты таго, каб яго захоўваць.
У расейскім выпадку логіка можа быць іншай, але тут я не бяруся меркаваць, як разважае Raiffeisen. Патэнцыйна — так, магчыма, што прымалася рашэнне пазбавіцца беларускіх актываў, каб захаваць больш прыбытковыя расейскія.
Але не думаю, што такая прывязка менавіта да рашэння па Расіі была галоўным чыннікам. Беларусь самадастатковая ў тым сэнсе, што прывабнасць «Пріорбанка» аб’ектыўна зменшылася, зарабіць можна няшмат, а рызыка на рызыцы сядзіць і рызыкай паганяе.
— Атрымліваецца, прасцей прадаць цяпер, пакуль страты адносна невялікія, чым прамарудзіць і страціць значна болей?
— Так. Я б дадаў яшчэ некалькі банальных прычын: абсалютна не факт, што заўтра гэты бізнес будзе хоць штосьці каштаваць, і што тыя забароны на продаж актываў, якія ёсць у рэальным сектары, у нефінансавых кампаній, заўтра не будуць пашыраныя на тыя ж банкі. Тады гэта будзе наогул валізка без ручкі, з якой нічога не зробіш.
Мы бачым шмат прыкладаў, як бізнес з «несяброўскіх» краін лёгка давесці да фінансавых праблем. І на гэтым тле рашэнне пазбавіцца беларускага актыву выглядае досыць лагічна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное