«Кубракоў сёння ў фаворы Лукашэнкі. Там жа застаецца Швед. І, натуральна, Качанава»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст патлумачыў Филину, чаму міністра ўнутраных спраў стала шмат у афіцыёзных навінах.
— Апошнімі днямі кіраўніка МУС стала шмат. Вось Лукашэнка выдзяляе яго на нарадзе, хваліць, што найперш ягонае ведамства добра спрацавала на навагоднія святы. Вось сам Кубракоў кажа пра амністыю, а вось ён расказвае пра групы хуткага рэагавання, якія будуць дзяжурыць на выбарах.
Гэта звыклая гульня Лукашэнкі па балансаванні вагі сілавікоў? Ці тут нешта ёсць новае?
— Так, з аднаго боку гэта баланс. З другога, гэта цяжка назваць палітыкай, якой яна можа быць у дэмакратычнай дзяржаве. Але і ў часы манархіі, і пры камуністычнай дыктатуры, і пры любой іншай дыктатуры людзі заўсёды робяць кар’еру.
Хтосьці робіцца бліжэй да трона, хтосьці далей, узнікаюць любімчыкі. Як правіла, уладары не складваюць усе яйкі ў адзін кошык. Розныя людзі то аказваюцца ў фаворы, то сыходзяць з яго. Я думаю, што зараз фавор Кубракову.
— А якія заслугі міністра маглі быць улічаныя найперш? Акрамя задушэння пратэстаў напрыканцы 2020-га.
— Гэта і задушэнне, а таксама і барацьба з ворагамі. Яны сочаць, пільнуюць, вышукваюць і знаходзяць. Бо той жа ГУБАЗіК — гэта структура МУС.
Адзін час вельмі моцна выдзяляўся той жа Карпянкоў. Здавалася, што ледзьве не ён міністр. Але вось Кубракоў, так бы мовіць, вылучыўся. І Карпянкоў сыйшоў у цень, але не да канца.
Міністр не такі рэзкі. Ізноў жа, Кубракоў мог даць інтэрв’ю Азаронку, але вось так, як Карпянкоў, на размовы да яго не прыходзіў. Ён найперш чыноўнік.
Акрамя таго, нават мем з’явіўся — «дзеці Кубракова». Сетка патрыятычных клюбаў для школьнікаў — гэта таксама ягоная ініцыятыва. Гэта заваяванне нейкай грамадскай падтрымкі, базы.
Можа нават і для сябе ў нейкай далёкай перспектыве. Не тое, каб ён тут думае, як змясціць Лукашэнку. Але жыццё рознае. І тут зразумела, што справа не ў дзецях, а ў бацьках.
Ствараецца кола людзей, лаяльных гэтаму ведамству, міністру і, зразумела, Лукашэнку. Але, я думаю, яму таксама ідзе ў плюс вось гэтая грамадская ініцыятыва. І ён насамрэч трапіў у фавор.
Да гэтага ў фаворы быў і застаецца генпракурор Швед. І, натуральна, Качанава. Яна, пэўна, найперш. Гэта такі цажкавагавік. Качанава мае вялікія перспектывы і яна пра іх думае.
Напрыканцы года мы на «Радыё Свабода» рабілі анкету пра тое, хто можа заняць пасаду старшыні УНС. І там пераважая большасць назвала, канечне, Лукашэнку. Але цікава тое, што тыя, хто не назваў яго, усе назвалі адно прозвішча — Качанава.
Галоўчанка займае першыя пазіцыі па пасадзе, але Качанава не толькі па пасадзе. Мы памятаем розныя расповяды, у тым ліку і Лукашэнкі, пра яе ролю ў 2020-м. Яна рабіла і працягвае рабіць розныя палітычныя крокі.
Хоць, зрэшты, калі казаць пра нумары пазіцый, якія займаюць тыя ці іншыя чыноўнікі, то заўсёды прыгадваецца знакамітая формула расійскага цара Паўла І, які казаў: «Другая асоба ў Расіі — гэта той, з кім я размаўляю. Пакуль я з ёй размаўляю». То Лукашэнка можа паўтарыць гэтую формулу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное