Марына Якубовіч: Мяне ўразіла, што кожная жанчына казала, што ёй яшчэ «пашанцавала»

Актрыса — пра свой спектакль, прысвечаны беларускім палітвязням. І тое, як тэатр можа дапамагчы змяніць сітуацыю.

Фота: hromadske.radio

Марына Якубовіч больш за 16 гадоў была вядучай актрысай Belarus Free Theatre. Цяпер яна стварае ўласныя тэатральныя праекты і выкладае акцёрскае майстэрства ва ўніверсітэце Моцартэум у Аўстрыі. Зараз акторка зрабіла свой мона-спектакль «Connection» пра беларускіх палітзняволеных, у тым ліку Марыю Калеснікаву.

— Тэма беларускіх палітзняволеных — гэта тое, што баліць усім беларусам. Гэта тое, што не адпускае. І мы не можам нічога зрабіць з гэтым, таму гэта тэма вельмі балючая для мяне, — кажа Марына Якубовіч у эфіры Еўрарадыё. — Марыя Калеснікава — вельмі цікавая асоба. Я яе асабіста не ведаю. Мы некалькі разоў сустракаліся, бо я жыла насупраць офісу Віктара Бабарыка. Марыя была для мяне вельмі натхняльным чалавекам. Яна засталася, парвала пашпарт, была арыштаваная — гэта гераічны учынак. Але ці прыносіць ёй нешта добрае тое, што яна — герой?

Таксама я чытала ў праекце «Палітвязынка», як палітзняволеныя жанчыны прызвычаюцца да жыцця, якое не мусіла здарыцца з імі. Усё гэта мяне турбавала. Калі мы кажам, што ў Беларусі сядзяць палітвязні, на Захадзе ўяўляюць свае еўрапейскія турмы. Але мне хацелася распавесці, у якіх умовах і за што сядзяць нашыя людзі.

Каб зрабіць спектакль, актрыса правяла шэраг інтэрв'ю з з палітвязынкамі, якія выйшлі на волю. Яна прызнаецца, што для яе гэта было складана.

— Мяне ўразіла, што кожная жанчына казала, што ёй яшчэ пашанцавала: яе не білі пры затрыманні, або білі пры затрыманні, але не білі потым, і таму ёй «пашанцавала». Або далі два гады, і таму «пашанцавала».

Я думаю: божачкі-божачкі, гэтага не мусіла адбыцца, а яны кажуць, што пашанцавала! Гэта страшна.

Якубовіч таксама адказала на пытанне, ці можа ўжо зараз рэфлексаваць праз творчасць пра падзеі 2020-га.

— Мне здаецца, што сапраўдная рэфлексія прыходзіць, калі працэс скончаны. Думаю, мы па-рознаму зараз знаходзімся ў гэтым працэсе: для кагосьці ён скончаны, і чалавек ужо можа рэфлексаваць. Тым больш, мастакі розныя і рэагуюць па-рознаму.

Я не ўпэўнена, што ў нас усё скончылася. Гэты працэс неяк заціхае. Але мне здаецца, што наша рэвалюцыя ўсё яшчэ не падыйшла да канца.

Думаю, ва ўсіх працэсах, якія мы зараз перажываем, тэатр можа быць псіхатэрапіяй. Чалавек прыходзіць, каб пабачыць сапраўды кавалак жыцця, быццам нешта падгледзіць.

Вельмі складана жыць у краіне, дзе няма рэфлексіі, адкрытага люстэрка грамадства. На сцэнах дзяржаўных тэатраў былі толькі камедыі і дэтэктывы, а нічога сацыяльнага не было.

А тут з'яўляецца свабодны тэатр, які кажа: «У нас ёсць вось такая з'ява і нам здаецца, што гэта не вельмі добра. Што вы думаеце?». Гэта такі заклік паразважаць разам з гледачамі. І вось такі стыль тэатра мне вельмі падабаецца.

Я таксама думаю, што тэатр можа змяніць сітуацыю, і ён мяняе. Напрыклад, ёсць акцыя «SOS Марыя», і грамадзяне шмат якіх краін пасля спектакля могуць напісаць лісты да сваіх уладаў з заклікам да дзеянняў па вызваленні Марыі Калеснікавай і іншых палітзняволеных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)