Общество

«Найбольш ім цікавы Полк Каліноўскага і Офіс Ціханоўскай». КДБ вярбуе актывістаў унутры Беларусі

Наша Ніва на аснове размоваў з людзьмі ў Беларусі высветліла, як адбываецца вярбоўка.

«Нашай Ніве» вядомыя прынамсі чатыры выпадкі, калі людзей, якія раней былі актывістамі недзяржаўных арганізацый ці якія да апошняга займаліся непалітычнай грамадскай дзейнасцю ў Беларусі, арыштоўвалі і садзілі на суткі ў Беларусі. І падчас адбыцця адміністратыўнага арышту іх шантажавалі аператыўнікі КДБ, ставячы перад выбарам: або вярбоўка, або надуманая крымінальная справа.

Што аб'ядноўвае ўсе чатыры выпадкі: адпрацоўваюцца ініцыятывы, якія зусім не звязаныя з палітыкай і ніколі не былі звязаныя з палітыкай: экалогія, адукацыйныя, студэнцкія і жаночыя ініцыятывы.

Падчас вярбовачнай размовы некаторым з людзей расказваюць, быццам бы недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі хочуць адрадзіць свае структуры да выбараў, каб «разгойдваць грамадства».

Дзяржбяспеку цікавіць, хто ўваходзіць у тую ці іншую ініцыятыву, як людзі камунікуюць з актывістамі, якія пераехалі за мяжу, як фінансуюцца арганізацыі, як даходзяць у краіну грошы.

Асабліва спецслужбістаў цікавіць Полк Каліноўскага і структуры, блізкія да Офіса Святланы Ціханоўскай.

Характэрна, што мэта размоваў, ці допытаў, як гэта ні называй, цяпер амаль заўсёды — вярбоўка.

У вядомых нам выпадках, нават калі чалавек не ведаў ці з нейкіх прычынаў не даваў інфармацыі, якая цікавіць КДБ, гэта не прыводзіла да крымінальнага пераследу. Мы не ведаем, ці ёсць выпадкі, калі праследавалі некага з тых, у каго не атрымалася супрацоўніцтва з КДБ ці хто адказаўся падпісаць паперу пра супрацоўніцтва.

16 кастрычніка Праваабарончы цэнтр «Вясна» напісаў, што апошні месяц КДБ «выклікае на размовы» і затрымлівае людзей, якія маюць дачыненне да розных ініцыятыў і праектаў, што легальна працуюць у Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам, гэта адбываецца ў розных кутках краіны і з праектамі рознай накіраванасці.

Адным з фактараў, што аб'ядноўвае ўсе гэтыя кейсы, з'яўляецца тое, што сілавікі хочуць схаваць рэпрэсіі ад грамадства — людзям пагражаюць, што калі інфармацыя пра пераслед трапіць да праваабаронцаў і СМІ, то ў дачыненні да іх будуць распачатыя крымінальныя справы.

Праваабаронцы маюць спіс арганізацый і праектаў, якія трапілі пад рэпрэсіі КДБ, але не публікуюць яго ў мэтах бяспекі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(5)