«Наш народ здольны адрадзіць у цэнтры Еўропы ветлую і заможную краіну»
Каляданае віншаванне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.
Дарагія мае Суродзічы! Ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста, вітаю Вас з Калядамі. Жадаю, каб гэтыя Сьвяты былі для Вас поўныя любові і надзеі на хуткія зьмены.
Прашу нованароджанага Сына Божага, каб вызваліў наш край і наш народ ад злачынцаў якія перанялі ўладу ў краіне ў свае рукі.
Дарагія Суродзічы, не пакідайце веры ў будучыню! Толькі вера, што кашмар ня вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы, у якой і нам будзе дадзена «людзьмі звацца»!
Прыгожа казаў пра гэта наш Васіль Быкаў: без спадзеву на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю – у гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця. А мне ўжо восемдзесят гадоў гэты спадзеў памагае жыць!
Тым, хто быў змушаны пакінуць Бацькаўшчыну, скажу наступнае: памятайце хто Вы! Якая б не была цяжкая эмігранцкая доля, памятайце пра зямлю сваіх продкаў. Як будзеце адчуваць сваю прыналежнасьць да яе, ніякія цяжкасьці Вас не перамогуць! Бо будзеце ведаць, што ёсьць на гэтай зямлі Ваш «родны кут» і, нават у гэты нялюдзкі час, калі пагражае яму вялікая небясьпека, ён усё ж толькі ВАШ і заўсёды будзе толькі Ваш! Сіратой Вы ніколі ня будзеце!
Безумоўна, нам трэба дагледзець яго, абараніць ад бандытаў, якія толькі і чакаюць на магчымасьць яго прысвоіць. Але я веру, што наш народ не дапусьціць да гэтага. Ён замоцна прывязаны да сваёй зямлі, замоцна яе любіць.
Я моцна веру, што наш народ здольны адрадзіць у цэнтры Эўропы нашую ўласную – ветлую і заможную краіну, якую будзем пакідаць толькі тады, калі захочацца пабачыць рэшту сьвету, але куды будзем абавязкава вяртацца, калі скончым падарожнічаць!
Дык давайце памолімся ўсе разам у гэты Калядні вечар за нашую Бацькаўшчыну, мае дарагія Сябры! Памолімся зь верай што «Ўладар вялікіх сонцаў і сэрц малых» нас пачуе!
Жадаю Вам утульных Калядаў! Жыве Беларусь!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное