«Падарожнічаць паміж краінамі мы не можам. Але можам пакласці пад ёлку падарунак, які скажа: «Мы памятаем. Мы побач»

Як дапамагчы стварыць цуд на Каляды.

Полк Каліноўскага ладзіць збор для больш як 80 дзяцей беларускіх добраахвотнікаў — каб зрабіць падарункі да Калядаў.

Як удакладняюць арганізатары, ініцыятыва ахоплівае як дзяцей дзеючых ваяроў, хто на фронце проста зараз, так і дзяцей тых каліноўцаў, хто вярнуўся з фронту, а таксама загінулых байцоў. Гэтыя сем’і сёння аказаліся ў розных краінах свету, але дзеці ўсё ж спадзяюцца і вераць у калядны цуд.

— Наша задача простая — стварыць гэты цуд для іх разам. Падарожнічаць паміж краінамі мы не можам. Але мы можам зрабіць тое, што ў нашых руках: пакласці пад ёлку падарунак, які скажа: «Мы памятаем. Мы побач». І гэта не дабрачыннасць. Гэта супольнасць, — дадаюць арганізатары акцыі.

Збор падтрымала прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская, якая падкрэсліла, што «пры ўсёй сіле нашых людзей дзеці застаюцца самай бачнай і адначасова самай невідавочнай групай: яны рэдка просяць, мала скардзяцца, але вельмі востра адчуваюць, калі пра іх памятаюць».

— Таму Калядная акцыя — не проста пра падарункі. Гэта пра супольнасць, якая не губляе здольнасці клапаціцца адзін пра аднаго нават у самыя складаныя часы.

Полк Каліноўскага ставіць мэту сабраць 8300 €, каб усе дзеці нашых герояў атрымалі на свята маленькі, але вельмі патрэбны знак увагі. І я веру, што гэта магчыма, таму што мы ўжо неаднаразова даказвалі: беларусы ўмеюць аб’ядноўвацца там, дзе гаворка ідзе пра дабрыню і пра будучыню дзяцей.

Калі для вас гэта бяспечна, да збору можна далучыцца. Нават распавесці пра яго іншым, хто мог бы паўдзельнічаць — таксама дапамога. Бо з такіх дробных рэчаў складаецца супольная вялікая падтрымка. Акцыя працягнецца да 25 снежня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)