Политика

Перамагчы дыктатуру: урокі «Плошчы»-2006 у сьвятле рэвалюцыі 2020 году

20 гадоў таму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя арганізавала намётавае мястэчка ў цэнтры Менску, якое пратрымалася некалькі дзён. Выбары 2020 году шмат у чым перавярнулі ўяўленьні пра стратэгію і тактыку барацьбы супраць аўтакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Пратэставы лягер на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 20 сакавіка 2006

Як вядома, вялікае бачыцца на адлегласьці. 19 сакавіка 2006 году апазыцыя арганізавала пратэставае намётавае мястэчка пасьля чарговых сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў. Яно пратрымалася некалькі дзён і стала пікам той выбарчай кампаніі. Пасьля адбылося шмат падзей, прайшлі яшчэ чатыры прэзыдэнцкія кампаніі.

Выбары 2020 году шмат у чым перавярнулі ўяўленьні пра стратэгію і тактыку барацьбы супраць аўтакратычнага рэжыму, дэвальвавалі досьвед дваццацігадовай даўніны. Тым ня менш, урокі кампаніі 2006 году, узбагачаныя 2020 годам, могуць быць цікавыя. Вось некалькі высноваў ад палітычнага аглядальніка Свабоды Валера Карбалевіча.

Выбары — самы спрыяльны момант для пераменаў

Беларускі досьвед паказвае, што найбольш спрыяльны момант, які дае шанцы на перамены — прэзыдэнцкія выбары. Права на ўладу трэба легітымізаваць. Прычым, як у вачах насельніцтва, так і ў вачах намэнклятуры. Ніякіх іншых спосабаў легітымізацыі, акрамя выбараў, не існуе.

Кніга «Плошча. 19.03–25.03.2006» (Чытаць у PDF) Хроніка масавых пратэстаў сакавіка 2006 году, калі ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у цэнтры Менску паўстаў намётавы лягер. Кругласутачныя рэпартажы, каляровыя фота, званкі на «Свабоду» — нацыянальная акустыка менскага цуду.

Псыхалягічнае адчуваньне электаральнай перамогі

Важная абавязковая перадумова посьпеху праціўнікаў рэжыму — заваёва апазыцыяй большасьці на выбарах, што можна пацьвердзіць з дапамогай незалежнай сацыялёгіі і іншымі спосабамі. Як тое адбылося ў 2020 годзе.

Як раз гэтага не было ў 2006 годзе. Псыхалягічнае адчуваньне, што мы ў меншасьці, скоўвае лідэраў і ўсіх удзельнікаў падзей. 2020 год паказаў, што нават абапіраючыся на падтрымку большасьці, праблематычна перамагчы жорсткі аўтарытарны рэжым, створаны ў Беларусі.

Яшчэ важны ўрок палягае ў тым, што народ масава падтрымае апазыцыю толькі тады, калі ёсьць адчуваньне электаральнай перамогі. Калі перамогі няма, то зьнікае сэнс пратэсту. І ў сакавіку 2006 году штаб Аляксандра Мілінкевіча вельмі цьмяна сфармуляваў мэту акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

Пратэст супраць фальсыфікацый — слабая матывацыя. Бо з гледзішча абывацеля, якая розьніца колькі насамрэч набраў Лукашэнка, 51% ці 85%? «Плошча» — гэта фінальны акорд электаральнай перамогі.

Масавасьць пратэсту 2020 году ў значнай ступені грунтавалася на тым, што людзі выйшлі абараняць сваю перамогу.

Крызіс сацыяльнай мадэлі рэжыму

Апазыцыя мае шанцы на посьпех толькі ва ўмовах крызісу існай сацыяльнай мадэлі. І гэты крызіс мае стаць відавочным для насельніцтва. Тады адбываецца страта даверу народу да ўлады, падзеньне рэйтынгу кіраўніка, маральная ізаляцыя рэжыму.

У 2006 годзе, дзякуючы нафтадалярам, беларуская мадэль была ў стане росквіту, рэжым — на піку магутнасьці і падтрымкі грамадзтва. Рэйтынг Лукашэнкі быў самы высокі за ўсе прэзыдэнцкія кампаніі. У такой сытуацыі любая альтэрнатыва, найперш эканамічная, не ўспрымалася насельніцтвам. Не выпадкова, галоўная ідэя кампаніі Мілінкевіча была ідэя свабоды. Нічога іншага апазыцыя прапанаваць не магла.

Роля альтэрнатыўнага кандыдата

Кампанія 2006 году сфакусавала ўвагу на тэме адзінага кандыдата, які супрацьстаіць Лукашэнку. Адна з умоваў посьпеху, няхай і адноснага, — гэта неабходнасьць кансалідацыі пратэставага электарату вакол найбольш папулярных лідэраў. У 2006 году гэта быў Аляксандр Мілінкевіч, у 2020 годзе — спачатку Віктар Бабарыка, потым — Сьвятлана Ціханоўская.

Аляксандар Мілінкевіч на перадвыбарчым мітынгу ў Менску. Сакавік 2006

Яшчэ адна выснова 20-гадовай даўніны, якая атрымала пацьверджаньне ў 2020 годзе: лідэру, галоўнаму кандыдату ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў не абавязкова валодаць вялікай асабістай харызмай. Добра, каб ён меў біяграфію, сур’ёзны досьвед кіраваньня (Аляксандр Мілінкевіч, Віктар Бабарыка).

Але ў сытуацыі, калі галасуюць ня столькі за апазыцыйнага кандыдата, колькі супраць Аляксандра Лукашэнкі, важна, каб гэты кандыдат пасаваў да ролі сымбаля пераменаў, як тое здарылася зь Сьвятланай Ціханоўскай.

Выхад за межы традыцыйнага электарату

Праблема кампаніі 2006 году палягала ў тым, што апазыцыі не ўдалося выйсьці за межы традыцыйнага электарату. Ідэя свабоды, якая ляжала ў аснове кампаніі Мілінкевіча, як раз і была зарыентаваная на людзей з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Ангажаваць тых, хто ня вызначыўся, апалітычнае «балота», не ўдалося.

І наадварот, у 2020 годзе ў кампанію пратэсту супраць Лукашэнкі абʼядналіся людзі з рознымі каштоўнасьцямі, ідэалёгіяй, геапалітычнай арыентацыяй. Іх абʼяднаў просты лёзунг: «Хто заўгодна, толькі ня Ён». І гэта надало пратэстам масавасьць.

Пратэставы лягер на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 21 сакавіка 2006

Прарыў інфармацыйнай манаполіі

Абавязковая ўмова посьпеху — гэта прарыў інфармацыйнай манаполіі ўладаў. У 2006 годзе гэта зрабіць не ўдалося. Інтэрнэт яшчэ ня меў такога шырокага распаўсюду, улады мелі спрыяльныя ўмовы для дыскрэдытацыі апазыцыі, манапалізаваўшы радыёэлектронныя мэдыі.

А ў 2020 годзе інтэрнэт, зьяўленьне новых мэдыя, распаўсюд сацыяльных сетак і плятформ, «смартфанізацыя» большай часткі насельніцтва краіны разбурылі старую сыстэму камунікацый рэжыму з грамадзтвам. Парадак дня ў краіне фармавалі папулярныя незалежныя Telegram-каналы зь вялізным ахопам аўдыторыі, відэастрымы незалежных мэдыя і блогераў.

Выкарыстаньне сымболікі

Важнае значэньне мае масавае і эфэктыўнае выкарыстаньне сымболікі, рытуалаў i іншых сродкаў палітычнай камунікацыі. Гэта стварае моду, дапамагае стварыць уражаньне, што «нашых» шмат. У 2006 годзе значкі з нацыянальнай сымболікай сталі папулярнымі сярод моладзі, асабліва студэнцкай.

У 2020 годзе важным элемэнтам канфрантацыі паміж уладамі і пратэставай супольнасьцю стала вайна сымбаляў. Пратэст набыў бел-чырвона-белы колер.

Мора бел-чырвона-белых сьцягоў на пратэставым маршы ў Менску 30 жніўня 2020 году

Як выкарыстаць фальсыфікацыі

Фальсыфікацыі на выбарах выклікаюць выбух абурэньня толькі пры ўмове, калі большасьць насельніцтва адчуе сябе падманутай. Для гэтага неабходны шэраг перадумоў: рэальная папулярнасьць апазыцыйнага кандыдата, давер да незалежных сацыялягічных службаў, шырокі кантроль за выбарамі і фармаваньне базы дадзеных аб фальсыфікацыях, добрая інфармацыйная камунікацыя апанэнтаў улады са сваімі прыхільнікамі і інш.

У гэтым пляне апанэнты рэжыму ў 2020 годзе былі больш падрыхтаванымі (плятформа «Голас», кампаніі «Краіна для жыцьця» і «Сумленныя людзі» ды інш.), чым у 2006 годзе.

Негвалтоўны супраціў

Першы тыдзень сакавіцкіх падзей 2006 году, намётавае мястэчка былі клясычным узорам «аксамітных» ці «каляровых рэвалюцый», то бок негвалтоўных. Да 25 сакавіка не было сілавых сутыкненьняў паміж пратэстоўцамі і органамі правапарадку. Пасьля гэтых падзеяў у апазыцыйным асяродзьдзі было шмат папрокаў на адрас Мілінкевіча. Маўляў, дзейнічаў нерашучы, нікуды не павёў народ, у выніку пратэст вялікай колькасьці людзей, якія выйшлі на Плошчу, быў расьцярушаны ўпустую.

І нават брутальны разгон шэсьця на чале з Аляксандрам Казуліным 25 сакавіка не паўплываў на гэтыя ацэнкі.

Таму падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году агульным лейтматывам сярод кіраўнікоў апазыцыі, кандыдатаў у прэзыдэнты была такая выснова: трэба дзейнічаць рашуча, ня так, як Мілінкевіч пяць гадоў таму. Рашучасьць вылілася ў тым, што 19 сьнежня 2010 году дэманстранты зламалі дзьверы ў Доме ўраду.

Усё закончылася жорсткім разгонам пратэстоўцаў, зьяўленьнем дзясяткаў палітвязьняў. Але, з іншага боку, падзеі 19 сьнежня 2010 году ў пэўным сэнсе палітычна апраўдалі Мілінкевіча.

Пасьля 2020 году ў дэмакратычным асяродзьдзі дасюль працягваюцца спрэчкі наконт эфэктыўнасьці гвалтоўнага і негвалтоўнага пратэсту. Бо ягоны прынцыпова мірны характар, які супрацьстаіць неймавернай жорсткасьці кіроўнага рэжыму, гэта фэномэн, унікальны досьвед Беларусі, своеасаблівы беларускі брэнд.

Народ заўсёды баіцца хаосу, гвалту, рэвалюцый і войнаў. Як толькі зьявіліся першыя забітыя на кіеўскім Майдане ў лютым 2014 года, я напісаў блог пад назвай «Украінскі Майдан 2014 зьняверыў беларускую Плошчу 2015». Гэта было яшчэ да захопу Расеяй Крыму, да падзей на Данбасе.

Так яно і здарылася. Крывавы Майдан у Кіеве ў лютым 2014 году моцна траўмаваў беларускае грамадзтва, выклікаў алергію на любыя вулічныя пратэсты на некалькі гадоў.

Замежная падтрымка

Посьпех апазыцыі немагчымы без спрыяльнага міжнароднага фону, замежнай падтрымкі. Пратэст 2006 году адбываўся пасьля пераможнай «памаранчавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, што надавала аптымізму і энтузіязму беларускім дэмакратам і моцна палохала ўладу. І ў Эўропе тады былі вялікая надзеі наконт пэрспэктываў «каляровых рэвалюцый» на постсавецкай прасторы.

Таму падтрымка Захадам беларускай апазыцыі ў 2005–2006 гадах была надзвычай вялікай. Да 2020 году ніводнага лідэра беларускай апазыцыі не прымалі на такім высокім узроўні ў столькіх эўрапейскіх сталіцах, як Аляксандра Мілінкевіча.

Ад восені 2020 году ўжо Сьвятлана Ціханоўская і ейная каманда пішуць новую гісторыю беларускай незалежнай дыпляматыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)