Общество

Руслан Акостка: «30 гадоў на ўсё гэта глядзелі ў тэлевізары, слухалі хлусьню, то ў мяне выпрацаваўся імунітэт»

Дэсантнік, які ў 2020 годзе прайшоў па Салігорску зь бел-чырвона-белым сьцягам, распавёў Радыё Свабода пра 4 гады за кратамі. А таксама – як яго затрымлівалі, што дапамагала не здавацца і чаму эміграваў у Гішпанію.

30-гадовага былога дэсантніка Руслана Акостку затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля таго, як ён прайшоў па Салігорску зь бел-чырвона-белым сьцягам у памяць забітага Рамана Бандарэнкі.

Руслана арыштавалі на 15 дзён, пасьля чаго завялі крымінальную справу «за супраціў супрацоўнікам міліцыі». Яго асудзілі на 3 гады турмы, а ў 2022 годзе дадалі яшчэ год за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

У ліпені 2024 году Руслан Акостка выйшаў на волю. BySol эвакуаваў яго зь Беларусі.

Пра арышт, ад’езд зь Беларусі і рэакцыю сілавікоў на «несапраўднага дэсантніка»

— Руслан, вы выйшлі на волю 24 ліпеня 2024-га, у жніўні вас пасьпяхова эвакуаваў зь Беларусі BySol. Што падштурхнула вас да такога рашэньня?

— Немагчымасьць жыць далей у такой установе, як Беларусь, і працяг таго, што адбывалася ў зьняволеньні — рэпрэсіяў: пастаноўка на два ўлікі (у тым ліку як «схільнага да экстрэмізму»), пастаянныя званкі зь міліцыі.

Кожны панядзелак трэба было прыходзіць да так званых супрацоўнікаў доблеснай міліцыі. Таксама зьмены ў заканадаўчых актах: цяпер трэба цягам 15 дзён пасьля вызваленьня ўладкавацца на працу. Адразу пасьля турмы я быў не зусім у стане прайсьці курс мэдычнага абсьледаваньня, ня тое што знайсьці працу.

Нават калі мяне эвакуавалі, яны працягваюць тэлефанаваць дадому, выклікалі маіх родных два разы да сьледчага.

— Як вас затрымлівалі ў лістападзе 2020-га, калі вы прайшлі амаль праз увесь горад зь бел-чырвона-белым сьцягам?

— Спачатку падышлі супрацоўнікі міліцыі. У іх са мной дыялёгу не атрымалася, то выклікалі АМАП. Калі я і зь імі адмовіўся ісьці, то ўжо пацягнулі сілай, сталі вырываць сьцяг з рук. Тады пры затрыманьні я аднаго з слабавікоў ўпусьціў на асфальт. Так здарылася.

Калі б я быў у нечым вінаваты, напрыклад, пабіўся б з кімсьці, і мяне б міліцыянты папрасілі б прайсьці з імі, то я б, вядома, гэта зрабіў без пытаньняў. А тут, калі ў краіне адбываецца беззаконьне, на гэта ня тое што глядзець моташна, але і думаць ня хочацца.

У кожнага чалавека ў такой сытуацыі эмоцыі ў нешта выліваюцца. У кагосьці ў падабайкі і камэнтары, хтосьці зьяжджае з краіны, а ў мяне вось такім чынам — паклаў слабавіка на асфальт.

Тады мяне ў выніку арыштавалі на 15 содняў, а за 15 хвілін да выхаду прыйшлі і сказалі, што не адпускаюць. У той момант я ня вельмі разумеў сур’ёзнасьці сытуацыі, але, зь іншагу боку, настроіўся, што можа адбыцца ўсё што заўгодна. Таму, калі трошкі пазьней мне паведамілі пра крымінальную справу, шоку не было, усе перажываньні былі толькі пра родных.

Дарэчы, за увесь мой тэрмін (амаль чатыры гады) нам далі сустрэцца толькі два разы, кароткатэрміновыя спатканьні былі.

— Сілавікі неяк камэнтавалі тое, што вы былы дэсантнік?

— Сказалі неяк, нібыта я не дэсантнік, бо выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам. Таксама сьцьвярджалі, што палова былых дэсантнікаў служыць у міліцыі і ў АМАПе, таму я нібыта несапраўдны.

— Калі вы служылі ў арміі?

— У 2010-2012 гадах. Гэты час ня быў варты таго. Каб атрымаць тыя веды, хапіла б некалькіх месяцаў.

— Ці ўжывалі сілавікі ў дачыненьні да вас фізычны гвалт?

— Такога не было, толькі спрабавалі словамі неяк зачапіць, каб вывесьці з раўнавагі.

— Ці былі вы «ў палітыцы» да 2020 году?

— На пратэсты ўпершыню пайшоў у 2020 годзе, бо ў 2010-м, напрыклад, яшчэ вучыўся. Але тое, што з гэтай краінай нешта ня так, разумеў яшчэ з самага дзяцінства, калі слухаў крытыку на адрас вусатага дзеда [Лукашэнкі] ад свайго дзядулі. А пасьля сам сутыкаўся з сыстэмай у арміі, на працы. Але асноўнае — я не чакаў, што ўсё настолькі дрэнна.

Пра паўгода ў ШЫЗА і ПКТ, улюбленую кнігу і прапанову падпісаць памілаваньне

— За час зьняволеньня вы зьмянілі тры калёніі: былі ў Віцебску, Глыбокім і Горках. Чаму вас пераводзілі?

— У 2022 годзе мяне судзілі ўжо другі раз — паводле 411 артыкула («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»), прызначылі год. Праз гэта перавялі зь Віцебску (там сядзяць «першаходы», хто трапляе за краты першы раз) у Глыбокае.

А ў калёнію ў Горках перавялі ўжо з прычыны рамонту ў Глыбоцкай калёніі. Увогуле ўявіце, што такім чынам — 411-м артыкулам — у XXI стагоддзі можна працягнуць турэмны тэрмін чалавеку ў цэнтры Эўропы.

— Дзе ўмовы зьняволеньня і стаўленьне адміністрацыі калёніі былі найгоршыя?

— Да палітзьняволеных адміністрацыя ставіцца ўсюды прыкладна аднолькава нэгатыўна. А вось умовы найгоршыя былі ў ПК-9 у Горках. Вельмі нагадвае салдацкія казармы, толькі называецца барак.

Большую частку свайго тэрміну я быў у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) ці ў штрафным ізалятары (ШЫЗА). Першы раз заехаў у ШЫЗА 13 жніўня 2021 году, далі 10 дзён, пасьля дадалі яшчэ 7. Потым выйшаў на два тыдні.

А пасьля амаль да самага наступнага суду сядзеў то ў ПКТ, то ў ШЫЗА — зь верасьня 2021-га да сакавіка 2022-га. У ШЫЗА, зразумела, жахлівыя ўмовы, няма матрацаў, драўляны ложак толькі. І там я займаўся цэлы дзень у асноўным спортам. А ў ПКТ ужо дазвалялі кнігі, газэты. З таго, што спадабалася з кніг, якія чытаў у турме, — «Дон Кіхот».

Магу сказаць, што туды, у ПКТ і ШЫЗА, трапляюць проста людзі, зьвязаныя з 2020 годам. Няважна, як цябе завуць, якія ў цябе погляды, паставіў ты падабайку ці напісаў камэнтар у сацсетках. Калі ў цябе жоўтая бірка, то ты безупынна туды будзеш так ці інакш трапляць.

— Былі зьвесткі, што ў 2021 годзе ў «Віцьбе» палітзьняволеных прымушалі пісаць просьбу аб памілаваньні. Ці прапаноўвалі гэта рабіць вам за ўвесь час за кратамі?

— Недзе ў траўні 2021 году ў Віцебск у калёнію прыехалі нібыта супрацоўнікі Генэральнай пракуратуры. Яны давалі гатовыя дакумэнты, трэба было проста паставіць подпіс, што просіш памілаваньне. Але, зразумела, я адмовіўся, як і многія іншыя палітзьняволеныя. Для мяне гэта было прынцыпова. Людзей саджаюць у турмы ні за што, гэта незаконна асуджаныя людзі. І я лічу сябе незаконна асуджанным.

Ведаю, дарэчы, выпадкі, калі палітзьняволеныя падпісвалі просьбу аб памілаваньні, але ніякіх адказаў на гэта не атрымлівалі.

Таксама ў віцебскай калёніі атрымаў ліст ад Юрыя Васкрасенскага, дзе былі прапанаваныя варыянты вызваленьня, зьмены ўмоваў зьняволеньня, перавод на «хімію» і іншае. Але я нічога на ліст не адказаў, у мяне даверу да такіх грамадзян няма.

30 гадоў на ўсё гэта глядзелі ў тэлевізары, слухалі хлусьню, то ў мяне выпрацаваўся імунітэт. І, дарэчы, я ня чуў, каб нехта з палітзьняволеных, прынамсі ў «Віцьбе», адказваў на такія лісты.

— У грамадзянскай супольнасьці ідуць вострыя дыскусіі, якім чынам вызваляць палітзьняволеных. А як вы лічыце?

— Трэба разумець, што гэта палонныя, зьняволенымі іх дакладна назваць не магу. Лічу, што вызваляць гэтых людзей трэба любым спосабам.

Праца ў калёніі, сустрэча з Алесем Бяляцкім і турэмная звычка, якая застался пасьля вызваленьня

— За што вы трымаліся ў турме, каб ня здацца?

— Успамінаў 2020 год, тое, што тады здарылася — забівалі мірных людзей. Адзін толькі гэты факт даваў мне падставы не здавацца, а тым больш не мяняць свае погляды. Тут для мяне ўсё адназначна.

Дарэчы, я свой тэрмін адгадаў. Ёсьць нешта кшталту традыцыі: калі адзін вязень едзе на суд, астатнія пытаюцца, колькі дадуць, і трэба адгадаць. І, вядома, мой тэрмін у выніку таксама ня выклікаў зьдзіўленьня.

— Кім вы працавалі ў калёніі?

— На дрэваапрацоўцы, мэталаапрацоўцы. Асабіста мяне, напрыклад, не вучылі, як там працаваць. Некаторых вучаць, але вельмі хутка. І тут яшчэ магу дадаць, што палітзьняволеных не пускаюць на нейкія адказныя працы. Лічыцца, што такія, як мы, могуць учыніць дывэрсію.

Паводле адукацыі я зваршчык. Да 2020 году працаваў і ў Менску, і ў Салігорску, і ў роднай вёсцы Заўшчыцы. Быў і кіроўцам, і камплектавальнікам, працаваў на заводзе і на будоўлі.

— Адзін з былых палітзьняволеных расказваў, што вы адмаўляліся ад працы на зоне...

— Гэта праўда. Мне прапанавалі працу — насіць дрэва з аднаго месца ў другое. Я адмовіўся, бо, па-першае, гэта ня мела дачыненьня да нашай брыгады, а, па-другое, праца зусім ніяк не аплочвалася.

— З кім вы былі разам за кратамі?

— Кантынгент там вельмі розны. Запомніліся выпадкі, калі людзям давалі вялікія тэрміны за скрадзеную бутэльку гарэлкі. Лічу, што з гэтым таксама трэба нешта рабіць, злачынства не суадносіцца з такім тэрмінам.

Сустракаў, вядома, там і тых, хто падтрымлівае Лукашэнку. Але там больш такога, што людзі пра палітыку баяцца выказвацца, бо такое спыняюць супрацоўнікі калёніі: могуць пазбавіць спатканьняў з роднымі, адправіць у ШЫЗА, ПКТ і іншае.

У Глыбоцкай калёніі чуў пра Мікалая Статкевіча, што ён адмовіўся вяртацца ў жылую зону. І пасьля яго адправілі ў ШЫЗА, ПКТ, ён сядзеў адзін.

Быў у адной калёніі з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім. Такія сустрэчы магчымыя, калі, напрыклад, ідзеш у бібліятэку ці ў клюб. Але зразумела, што кантакты палітычных з палітычнымі зусім не віталіся.

Шмат было зьняволеных, якія даносілі адміністрацыі калёніі на іншых. Можаш абмяркоўваць сюжэт кнігі, а адміністрацыі перададуць, што рыхтуеш дывэрсію. У мяне дагэтуль засталася турэмная звычка: не кажу лішняга пры размове, стаў больш скрытны.

— Як вас зьмяніла турма?

— Не магу адказаць. Сам не разумею, што са мной адбылося за гэты час. Вызваліўся нядаўна, таму трэба час, каб паназіраць. Псыхалягічна паспрабую перастроіцца самастойна, калі не атрымаецца, — то зьвярнуся да псыхоляга.

— Чаму абралі Гішпанію для эміграцыі і чым плянуеце займацца цяпер?

— Гэтай краіне ня трэба расейскі газ і беларускія дровы, таму лічу самым аптымальным варыянтам. А чым займацца буду, ня вырашыў. Пакуль мэта — аднавіць здароўе. Недахоп вітамінаў за кратамі адбіўся: схуднеў кіляграмаў на 13-15, трэба адпачыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)