Алеся (Аляксандра) Кіркевіча суд прызнаў вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і на падставе ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады. Пра гэта паведамляе БАЖ.
Таксама Кіркевіч прызнаны вінаватым у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, і на падставе ч. 2 арт. 361–4 КК пакараны за гэта пазбаўленнем волі на тэрмін 5 гадоў са штрафам у памеры 600 базавых велічынь.
«Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага пакарання» канчаткова суд пастанавіў прызначыць Алесю Кіркевічу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў з адбываннем ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. А таксама прызначыў штраф у памеры 24 000 рублёў.
Алесь Кіркевіч – журналіст-фрылансер, пісьменнік і краязнаўца, колішні намеснік старшыні «Маладога фронту».
Алесь Кіркевіч — былы палітвязень. Ён браў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. На пачатку 2011-га быў арыштаваны. 5 траўня 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыгаварыў яго да 4 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі, быў вызвалены праз памілаванне 1 верасня 2011 года.
Спецыяльную вытворчасць супраць яго распачалі 29 сакавіка 2024 года. На той час ён ужо пэўны час знаходзіўся па-за межамі Беларусі.