Филин

Юлія Кот

«У логіцы Пуціна, усе тыя, каго далучаюць да колішняй «рускай» супольнасці, павінны ў тэрытарыяльным і іншых сэнсах належаць Расіі»

Филин абмеркаваў з Аляксандрам Пашкевічам «гісторыю паводле Пуціна»: што (не) расказаў крамлёўскі правіцель у інтэрв’ю амерыканскаму журналісту і каго мяркуе ўразіць сваёй хохмай.

Уладзімір Пуцін даў двухгадзіннае інтэрв’ю амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану. І прымудрыўся, з аднаго боку, не сказаць нічога новага, а з другога, нагаварыць псеўдагістарычнай і прапагандысцкай дзічы.

Акрамя згадкі пра тое, што Украіна нібыта «восем год бамбіла Данбас», Пуцін уразіў сваёй версіяй ВКЛ, дзе «значную частку дзяржавы складалі рускія», а таму, маўляў, сучасная Расія пераемнік той дзяржаўнасці. А яшчэ правіцель РФ фактычна апраўдваў дзеянні Гітлера, якога Польшча «вымусіла пачаць  Другую сусветную вайну» (паралелі з сучаснасцю, што называецца, празрыстыя)…

Цытуючы таго ж Пуціна, усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Але на каго быў разлічаны гэты спіч, і чаму наогул людзі, мякка кажучы, далёкія ад ведання прадмета, з такой упэўненасцю разважаюць пра гістарычныя працэсы і традыцыі?

— Русінамі, ці рускімі, у тыя старадаўнія часы называлі людзей, якія захоўвалі спадчыну старажытнай Русі і, як правіла, належалі да праваслаўнага веравызнання — у гэтым Пуцін нават не схлусіў, меў рацыю, — зазначае ў каментары Филину гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Фота: Еўрарадыё

— Але, канешне, ён не мае рацыі, калі ўсю гэтую «рускасць» ВКЛ і ўвогуле «рускасць» у старажытным яе разуменні зводзіць з «рускасцю» цяперашняй Расіі, і сцвярджае, што людзі, якіх сёння называюць рускімі, — адзіныя спадчыннікі той Русі.

Адпаведна, у логіцы Пуціна, усе тыя, каго далучаюць да колішняй «рускай» супольнасці, павінны ў тэрытарыяльным і ўсіх іншых сэнсах належаць Расіі. А гэта ўсё далёка не так.

Мы ведаем, што ў свеце ёсць шмат блізкіх народаў, якія мелі агульную гістарычную спадчыну, нават у пэўнай ступені былі падобныя паміж сабой, але пасля іхнія гістарычныя шляхі разышліся, і цяпер гэта зусім розныя народы. Такія прыклады ёсць і ў Еўропе, і ва ўсім свеце.

Таму грунтавацца на тым, што калісьці было пэўнае культурнае адзінства — якое, зноў-такі, і тады не супадала з дзяржаўным адзінствам, — і на тым спрабаваць будаваць сённяшнія межы і культурныя супольнасці, гэта анахранізм.

Аднак, мяркуе Аляксандр Пашкевіч, праз гутарку з амерыканскім карэспандэнтам Крэмль зрабіў чарговую спробу давесці, што вайна ва Украіне — такая бойка паміж сваімі. Унутраная справа, якая не тычыцца Амерыкі і Захаду наогул і не мусіць іх хваляваць: калі б’юцца свае, то чужы не ўлазь.

— У век інтэрнэту непраўдзівая гісторыя, якую нескладана праверыць і абвергнуць, альбо запытаць тлумачэнняў навукоўцаў, як было насамрэч, падаецца бессэнсоўнай. На каго яна можа быць разлічаная?

— Заходні карэспандэнт панясе тое, што сказаў Пуцін, на заходнюю ж аўдыторыю. І на жаль, не спраўдзіліся ілюзіі, якія існавалі напачатку з’яўлення інтэрнэту — што ён дасць магчымасць карыстацца ўсім комплексам інфармацыі, збіраць звесткі, супастаўляць і аналізаваць іх, не дазваляючы дурыць сабе галаву.

Мы бачым, што і ў сучасным свеце прапаганда вельмі моцна працуе, нават атрымала новыя імпульсы.

Звязана гэта з тым, што большасць людзей усё ж дастаткова некрытычна ўспрымаюць інфармацыю, і сярод усяго масіву звяртаюць увагу найперш на тое, што ім самім падабаецца, што пацвярджае іхнія ўласныя думкі і жаданні. Лёгка падманваюцца тыя, хто,  кажучы словамі класіка, сам падманвацца рады. На іх і разлічаная прапаганда.

У Такера Карлсана, лічыць гісторык, склалася пэўная аўдыторыя ў ЗША — тыя, хто глядзеў ягоныя праграмы на Fox News раней і прызвычаіўся верыць, таму і цяпер аўтарытэт самога журналіста можа прымусіць гэту публіку паверыць, што «не ўсё так адназначна» і ў вайне супраць Украіны ёсць пэўная расійская праўда, дый наконт Другой сусветнай вайны ўсё не так проста, і г.д.

— Незадаволенасць светаўладкаваннем прымушае людзей часам верыць у самыя дзікія тэорыі, — нагадвае Аляксандр Пашкевіч, — уключна да рэптылоідаў.

Плюс разлік прапаганды з вуснаў Пуціна, і не толькі яго, на тое, што чым далей тая ці іншая краіна ад месца падзей, тым менш цікавасці да таго, што іх непасрэдна не тычыцца.

І частку грамадства, пачынаючы недзе ад Германіі і далей на Захад, якая ўжо проста  стамілася ад вайны і хацела б, каб усё гэта хутчэй скончылася будзь-якім чынам, расійская прапаганда спрабуе скіраваць у патрэбны бок.

А гэтыя людзі, нагадаем — выбаршчыкі, якія адпаведна ўплываюць на палітыкаў, і нейкія папулісты дзейнічаюць на аснове гэтых чаканняў, змяняюць палітычнае аблічча краіны, расстаноўку сіл у органах кіравання.

Таму пэўны разлік на «заходнія» інтэрв’ю Пуціна ёсць. Іншая справа, наколькі вялікі эфект яны маюць — не выключаю, што частка гэтых спроб небеспаспяховая, і лаялісты Расіі, «пуцінферштэеры» неяк уплываюць на палітыку сваіх краін. У выпадку ЗША гэта асабліва важна, бо Штаты — галоўны саюзнік Украіны, ад патрымкі якога вельмі шмат залежыць.

А з іншага боку, ёсць тыя дзяржавы, якія знаходзяцца недалёка ад Украіны і адчуваюць пагрозу таго, што наступнымі будуць яны, і якія да таго ж гістарычна не маюць ілюзій у дачыненні да Расіі, — як Польшча і краіны Балтыі. У іх пуцінская прапаганда не мае значнага эфекту.

Беларусы таксама добра ведаюць аднаго гісторыка, ён жа спартсмен, ён жа аграном, ва ўсіх справах спец і па ўсіх сферах эксперт. Чым патлумачыць неўтаймоўнае жаданне такіх асоб выказвацца з упэўненым выглядам нават тады, калі вялікія рызыкі сесці ў лужыну?

— Гэта абраны імі стыль палітычнай камунікацыі. Бо ёсць людзі, хто слухае аргументы, а ёсць тыя, каму галоўнае — эмоцыі. Таму нярэдка бывае, што абсалютны дэмагог з добра падвешаным языком упэўнена трымаецца і падабаецца аўдыторыі.

І што б ён ні гаварыў, нават калі гэта вельмі далёка ад рэчаіснасці, ягоныя словы куды больш «заходзяць» у свядомасць, чым прамовы чалавека кампетэнтнага, але які не можа быць такім эфектным і пераканаўчым.

Хоць якраз у беларускага «спецыяліста» цяпер з гэтай пераканаўчасцю і папулярнасцю не тая бліскучая сітуацыя, як была калісьці. І цяпер ягоныя сцвярджэнні могуць мець адваротны эфект: нават калі гаворыць праўду, гэта выклікае непрыняцце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)