Вольскі: «Дні расейскае імпэрыі палічаныя»

Лявон Вольскі на Budzma.org прыгадвае дзень, «калі ўсё незваротна зьмянілася» — 24 лютага 2022 года.

Лявон Вольскі

У гэты дзень, на думку Лявона, таймэр пачаў адлік часу да скону расейскай імпэрыі. І хоць могуць быць часовыя перавагі расейцаў на фронце, можа быць «шмат рознага нэгатыву, болю і выпрабаваньняў», «дні расейскае імпэрыі палічаныя», упэўнены Лявон Вольскі.

Другая палова лютага 2022

На той момант мы жылі ў Польшчы палову году. Напярэдадні Калядаў мы зьнялі кватэру — цяпер ужо на доўгі тэрмін, бо прыйшло разуменьне, што, бадай, давядзецца тут затрымацца.

Прыйшла другая палова лютага. Нам трэба было ехаць у Фрайбург. У тамтэйшым гарадзкім тэатры мусіла адбывацца дыскусія пра Беларусь, і доўгія зьмястоўныя размовы, якія так любяць немцы, павінныя былі перабівацца маімі песьнямі. Мы вырашылі даехаць на сваім аўто да Бэрліну, а там наш сябра, журналіст, пісьменьнік і вялікі знаўца Беларусі Ingo Petz зарэзэрваваў квіткі на цягнік да Фрайбургу.

— Ехаць доўга, восем гадзінаў, — казаў Ingo. — Таму паедзем з камфортам, гэтым разам удалося ўзяць першую клясу!

Пэрспэктыва праехацца ў першай клясе, нават у вядомым сваёй парадаксальнасьцю Deutsche Bahn, была вельмі прывабнай, і за дзень да чыгуначнага падарожжа мы выехалі на сваім аўтамабілі да Бэрліну.

Залева са шквальным ветрам

Надвор’е было надта ўжо неспрыяльнае. Два дні таму пачаўся шторм, кватэру на восьмым паверсе новага дому, здаецца, хістала з боку ў бок. Нягледзячы на зімовы час, ліла залева са шквальным ветрам. У дзень выезду крыху суцішылася, але ня цалкам.

Моцныя парывы ветру, здавалася, хацелі зьдзьмуць нашую высокую машыну з дарогі. Ня надта дадавалі імпэту апакаліптычныя карцінкі абапал дарогі — выкарчаваныя зь зямлі разам з бэтоннымі падмуркамі рэклямовыя бігборды і паваленыя дрэвы.

— Ты ўпэўнены, што заўтра не адменяць цягнік? — запыталіся мы ў Ingo, калі ўрэшце дабраліся да ягонае кватэры ў бэрлінскім пралетарскім раёне Obershcöneweide. — Ці то давядзецца ехаць у той Фрайбург на нашай машыне?

— Не, гэта занадта далёка, каб ехаць на машыне, — адказаў Ingo, — будзем спадзявацца, што цягнік не адменяць.

Натуральна, наступнага ранку мы даведаліся, што цягнік не паедзе, бо камунальныя службы чысьцяць рэйкі ад паваленых дрэваў, і давялося ўсё ж такі ехаць на машыне.

23 лютага 2022

У Бэрлін мы вярталіся зноўку пад акампанэмэнт разгулу стыхіі. Вецер быў такі, што цяжка было адчыніць дзьверы машыны на запраўцы. Мы даехалі да нямецкае сталіцы, мяняючыся зь Ingo за стырном, і ўвечары ўсе каналы трансьлявалі прамову Пуціна.

— Усё! — скрушна выгукнуў Ingo. — Гэта вайна!

— Можа, усе ж такі неяк абыйдзецца? — спадзяваліся мы.

— Не! — ён быў непахісны. — Будзе вайна!

Мы вярнуліся ў Варшаву. Гэта было 23 лютага — сьвята для пэўнага кола людзей, да якога мы не належым. Стомленыя пасьля доўгіх і цяжкіх пераездаў, мы праглядзелі навіны і леглі спаць.

Дзень, калі ўсё незваротна зьмянілася

А назаўтра ўсё незваротна зьмянілася. Назаўтра была вайна. Ingo не памыліўся.

Можа быць, я памыляюся, але, мне падаецца, што 24 лютага было выбранае не выпадкова — савецкаарыентаваныя расейцы думалі, што ўкраінскае войска будзе актыўна адзначаць дзень савецкай арміі і на раніцу будзе небаяздольнае. Меркавалі па сабе...

Я паглядзеў відэа, на якім калёна расейскае вайсковае тэхнікі едзе заваёўваць Кіеў за тры дні, і мне ўсё стала ясна.

Рэч у тым, што я калісьці служыў у батальёне, які спэцыялізаваўся на рамонце аўтатэхнікі. Таму я выдатна ведаю здольнасьці савецкіх вайсковых ЗІЛаў, КрАЗаў і УАЗаў. Каб гэтыя «карчы» праехалі сто кілямэтраў, за імі мусіць ехаць рамонтны батальён, каб займацца бягучым рамонтам, бо бяз гэтага ўсё гэтае ламачча проста стане і нікуды не паедзе. Разынка ў тым, што рамонтны батальён будзе ехаць на такіх самых савецкіх раскансэрваваных аўтамабілях 1960-х гадоў. І ён мусіць даваць рамонт і сабе самому. Ужо таму мне падалося надта сумнеўным, што Кіеў возьмуць за тры дні. За гэты тэрмін яны да яго папросту не даедуць!

Таймэр пачаў адлік

Я неаднаразова пасьля пачатку вайны казаў і паўтару яшчэ раз: для Расеі гэтая інтэрвэнцыя — пачатак самазьнішчэньня, развалу імпэрыі. Не было ніякае нагоды для вайны.

Дзеці Бамбаса, прыгнёт расейскамоўных, нацызм, фашызм і тое, што «каб ня мы, дык яны б...» — гэта ўсё агітацыйна-прапагандысцкія казкі для расейскіх пэнсіянэрак, такія самыя, як «а я січас вам пакажу».

Што ты пакажаш? Што ўкраінцы хацелі на цябе напасьці? Тут няма чаго абмяркоўваць. Трызьненьне сівай кабылы.

Доўгія дзесяцігоддзі спатрэбіліся б Украіне, каб выйсьці з зоны ўплыву «рускага сьвету». Каб не вайна. Дзеці б вывучалі расейскую мову, чыталі і завучвалі Пушкіна, Някрасава ды Дастаеўскага, вуліцы б стракацелі прозьвішчамі расейскіх дзеячаў, сталыя людзі настальгічна б уздыхалі: «А можа, было б лепей разам з Расеяй?», і вось уся гэтая беспрасьветная беспэрспэктыўная лухта, якая цягнецца ў Беларусі ўжо болей за трыццаць гадоў. А Расея нечакана ні для каго разьвязала вайну, і пытаньні пераходнага пэрыяду зьняліся самі сабою.

Могуць быць часовыя перавагі расейцаў на фронце. Можа быць адкрыцьцё другога фронту, ваенныя дзеяньні супраць Захаду, у якія беларусаў хочуць уцягнуць і, магчыма, уцЯгнуць. Можа быць шмат рознага нэгатыву, болю і выпрабаваньняў. Але я веру і ў глыбіні душы ведаю, што дні расейскае імпэрыі палічаныя. І таймэр тахкае.

І пачаў ён свой адлік тады, чатыры гады таму, 24 лютага 2022 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(99)