Цыганкоў: «І камусьці ў Кіеве можа прыйсці ў галаву думка «Менск за тры дні»
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра стратэгічныя наступствы ў выпадку эскалацыі канфлікту паміж Украінай і Беларуссю.
— Калі заўтра вайна… Паспрабую безэмацыйна, наколькі гэта магчыма, прааналізаваць некалькі складнікаў імаверных наступстваў у выпадку рэальных ваенных дзеянняў паміж Беларуссю і Украінай, — піша Віталь Цыганкоў.
1.Унутрыбеларускія аспекты.
1.а. Эфект «яднання вакол сцяга» – гэта калі ў выпадку пачатку ваенных дзеянняў жыхароў краіны ахопліваюць «патрыятычныя пачуцці».
Сусветны вопыт паказвае, што ў пачатку (мінімум першыя месяцы) любых войнаў гэта адбываецца фактычна паўсюль – гэта адбывалася з рускімі, з іранцамі, але і з ізраільцянамі, з амерыканцамі (пасля 11 верасня ў Буша быў самы вялікі рэйтынг у гісторыі назіранняў). Асабліва гэта адназначна адбываецца ў тым выпадку, калі насельніцтва будзе мець падставы ўспрымаць пачатак вайны ў варыянце «яны на нас напалі».
Няма падставаў думаць, што беларусы нейкае выключэнне. У выпадку пачатку вайны (асабліва калі Украіна ўдарыць першай) не толькі лаяльныя да Лукашэнкі, але так званыя нейтральныя павернуцца ў бок патрыятызму, абароны сваёй краіны, дзяржавы. І ўспрыняцце тых дэмакратычных сілаў, якія з-за мяжы заявяць, што падтрымліваюць Украіну, стане значна больш негатыўным.
1.б. Калі пачнецца паўнацэнны абмен ударамі – можа быць уведзеная нейкая форма «ваеннага становішча» (не так і важна, як гэта будзе аформлена юрыдычна). У такім выпадку рэпрэсіі 2021-26 гадоў пададуцца кветачкамі на фоне таго, што можа наступіць. Апошнія астаткі правоў чалавека ў Беларусі знікнуць як з'ява.
Нават цяжка ўявіць, што можа чакаць людзей, якія хоць неяк будуць западозраныя ў сімпатыях да Украіны, што чакае сваякоў і маёмасць тых беларусаў, якія сёння знаходзяцца за межамі Беларусі і актыўна процістаяць цяперашняму менскаму рэжыму.
2. Адзін з замежнапалітычных аспектаў (усходні) найбольш відавочны. Любыя сурʼёзныя ваенныя дзеянні паміж Беларуссю і Украінай дадуць Расеі права і магчымасць «зайсці ў Беларусь» ваенным чынам.
Гэта нават можа быць цалкам легітымна і юрыдычна бездакорна, маючы на ўвазе шматлікія інтэграцыйныя дамовы, якія існуюць паміж дзвюма краінамі. Увядзенне расейскіх войскаў у Беларусь у дапамогу саюзнаму рэжыму супраць «украінскай агрэсіі» можа адбыцца і насуперак жаданню Лукашэнкі – гэта ўжо не той варыянт, калі ён зможа пераконваць Маскву, што «і нам і вам гэта не трэба».
3. Калі каму (акрамя саміх беларусаў) і не патрэбная гэта вайна, дык гэта Польшчы. Бо любыя рэальна разглядаемыя наступствы – толькі негатыўныя для Варшавы.
Рускія танкі ў Берасці – што можа быць горш для Польшчы? Таксама – патэнцыйна новая хваля беларускіх уцекачоў. Поўнае закрыццё межаў з краінай, якая рэальна ваюе на баку Расеі, канец усялякіх спробаў нармалізаваць адносіны з Менскам.
Нават калі ўявіць нейкі «пераможны» для Украіны варыянт – то такое патэнцыйнае ўзмацненне Украіны ў рэгіёне наўрад ці стратэгічна ўзрадуе Варшаву, асабліва на фоне цяперашніх напружаных адносінаў з Кіевам.
4. Ну і яшчэ адзін не самы відавочны аспект. Каму патрэбна пашырэнне канфлікту?
Зараз ваююць паміж сабой Украіна і Расея, а іншыя, у тым ліку Захад і Беларусь, хаця і дапамагаюць сваім саюзнікам, робяць усё, каб у вайну непасрэдна не ўступаць.
Расейскія прапагандысты кажуць, што ідзе вайна Расеі з Захадам. Гэта няпраўда, але парадокс у тым, што для Украіны было б выгадна, каб гэта стала рэальнасцю, каб Захад наўпрост падключыўся да вайны з Расеяй. А менавіта гэта можа адбыцца ў выпадку пашырэння канфлікту на тэрыторыю Беларусі. Толькі гэта відавочна не ў інтарэсах не толькі Польшчы, але і ўсяго Еўразвязу.
5.Украіна, безумоўна, адчувае сваю ваенную перавагу перад Менскам – і камусьці ў Кіеве можа прыйсці ў галаву думка – «а чым мы, уласна, рызыкуем?» «Менск за тры дні».
Сапраўды, рабіць можна што заўгодна – «калі вас не цікавіць канчатковы вынік». Я ўсё ж спадзяюся, што разуменне негатыўных стратэгічных наступстваў можа перадухіліць магчымыя контрпрадуктыўныя крокі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное