«Даскакаліся. У рамках вучэньняў НАТА заплянавана імітацыя ядзернага ўдару па Беларусі. Гэта не павінна быць сюрпрызам»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра небясьпеку саюзьніцтва з Расеяй.

– Даскакаліся. У рамках вучэньняў НАТА заплянавана імітацыя ядзернага ўдару па Беларусі (па дадзеных выдання WP Wiadomości, па аб'ектах на тэрыторыі РФ і Беларусі – С.), – піша Навумчык. – Але гэта не павінна быць сюрпрызам.

Яшчэ ў 1993, спрабуючы заблякаваць падпісаньне Шушкевічам далучэньне да АДКБ (якое, нагадаю, унёс у павестку дня сэсіі ніхто іншы, як дырэктар саўгасу «Гарадзец» Лукашэнка), дэпутаты Апазыцыі БНФ у ВС-12 папярэджвалі пра небясьпеку ўцягваньня Беларусі ў арбіту ваенных інтарэсаў Масквы.

Дарэчы, тады Шушкевіч казаў пра рэфэрэндум аб АДКБ, і мы з Алегам Трусавым нават амаль сабралі патрэбную колькасьць подпісаў дэпутатаў, заставалася, калі не памыляюся, менш дзясятка — але ў апошні момант Станіслаў Станіслававіч «здаў назад». Такое зь ім было ня ў першы і, на жаль, не ў апошні раз.

Сяргей Навумчык

Пра тое, што БНФ аргумэнтавана даказваў заганнасьць вайсковага партнэрства з РФ адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці і выступаў за максымальнае дыстанцыяваньня ад Масквы, сёньня «забываюцца» некаторыя сучасныя аналітыкі, якія ў тыя часы пелі дыфірамбы Шушкевічу за «памяркоўнасьць», а нас папракалі «радыкалізмам».

Увогуле, дзейнасьць БНФ у 90-я вычышчаная з памяці грамадзтва ня толькі афіцыйнымі гістарыёграфамі і прапагандыстамі (і я б сказаў, што імі —  у другую чаргу, але гэта асобная тэма). Пакіданьне нацыі бяз памяці — істотны элемэнт яе захопу, а затым і зьнішчэньня.

Цяпер жа магу толькі працытаваць фрагмэнт свайго допісу ад 30 верасьня 2022-га — што ваенны альянс з РФ можа прывесьці да ядзернага ўдару па Беларусі нават і без разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскай ядзернай зброі (тады ні пра які «Арэшнік» яшчэ ня чулі) толькі таму, што Беларусь — саюзьнік Расеі:

«... У свой час, пры Бараку Абаме, падчас вайсковай штабной гульні адказам на ядзерны ўдар з боку Расеі называўся, сярод іншых, і ядзерны ўдар па тэрыторыі саюзьніка Масквы — Беларусі (гэта ацэньвалася як спосаб пазьбегнуць ядзернага ўдару непасрэдна па тэрыторыі РФ, што выклікала б глабальны ядзерны канфлікт).

Цяпер амэрыканскія аналітыкі, узгадваючы тыя штабныя гульні, кажуць пра магчымасьць ядзернага ўдару ў адказ на пуцінскі па адным з расейскіх ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. Цалкам зразумела, што толькі расейскімі вайскоўцамі ў такім выпадку колькасьць ахвяраў не абмяжуецца.

Такія вось верагодныя наступствы шматгадовай прарасейскай палітыкі Лукашэнкі. Такі вось вынік бяздумнага выбару ў 1994 годзе».

Средний балл 4.7(38)