Филин

Кацярына Батлейка

Дракахруст: «Змянілі графік. Зразумела, гэта выклікае пэўную насцярожанасць»

18 траўня ў Беларусі пачаліся вучэнні па прымяненні ядзернай зброі пры ўзаемадзеянні. Філін спытаў у палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста пра мэты гэтых вучэнняў і ці чакаюць Беларусь з-за іх палітычныя наступствы.

— 19 траўня ў Расеі пачаліся маштабныя вучэнні ўсёй ядзернай трыады: задзейнічаны міжкантынентальныя балістычныя ракеты, атамныя падлодкі і стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі. У гэтым святле вучэнні, якія пачаліся ў Беларусі 18 траўня, выглядаюць як частка больш шырокіх вучэнняў расейскага ядзернага патэнцыяла. — кажа Юры Дракахруст. — Гэта не выглядае як крок, адмыслова зроблены для Беларусі.

Хутчэй як вучэнні расейскіх ядзерных сіл, якія часткова размешчаны ў Беларусі, дзе іх і адпрацоўваць.

Юры Дракахруст

Пры гэтым палітычны аглядальнік звярнуў на два цікавых моманта, звязаных з вучэннямі.

— Першы — такія вучэнні (у Расеі яны звычайна называюцца «Гром») звычайна праводзяць у кастрычніку. А ў Беларусі праводзіліся вучэнні «Захад». (Апошні раз — у верасні 2025-га — С.). Тут, выглядае, змянілі графік. Зразумела, гэта выклікае пэўную насцярожанасць — мы памятаем, што пазапланавыя вучэнні прайшлі ў лютым 2022 года — вядома, у ва што яны ператварыліся.

Другі момант у тым, што Мінабароны Расеі апублікавала паведамленне пра дастаўку боезарадаў у Беларусь у рамках вучэнняў. Пры гэтым раней Лукашэнка казаў, што расейская ядзерная зброя дастаўлена ў Беларусь. А тут аказваецца, што яна была адмыслова дастаўлена на вучэнні.

Фармальна кажучы, ядзерная зброя магла стаяць у Беларусі, але пад вучэнні падвезлі яшчэ. Можа, і так. Але заява міністэрства абароны Расеі тэарэтычна можа сведчыць пра тое, што ядзернай зброі ў Беларусі няма. Што яе завезлі, патрэніруюцца і адвязуць назад.

— Калі вяртацца да насцярожанасці. Ці могуць быць нейкія палітычныя наступствы для Беларусі з-за гэтых вучэнняў? Мы бачылі рэакцыю Кіева, Генеральнага сакрата НАТА.

— Не. Менавіта з характару гэтых вучэнняў. Акрамя моманту, што расейцы звычайна праводзілі такія вучэнні ўвосень, а тут праводзяць вясной...

У астатнім, Расея — ядзерная дзяржава, яна абвясціла, што размясціла сваю тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Калі ў краіны ёсць ядзерная зброя, то яна час ад часу праводзіць вучэнні па яе ўжыванні.

Сам па сабе факт такіх вучэнняў не з'яўляецца чымсьці пагрозлівым, асабліва калі вучэнні дастаткова руцінныя. Але, зразумела, яны насцяроджваюць партнёраў, бо зноў жа, можна ўспомніць вучэнні 2022 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)