Есяневіч: «Чалавека сталага ўзросту пасадзілі за сабачку»

Купалавец Зміцер Есяневіч — пра тое, як зараз правяраюць людзей на мяжы і за што затрымліваюць.

— Калі пачаў вяртацца ў Беларусь цягам паўгода і болей, я ўжо пачаў заходзіць на «інтэрв’ю» на мяжы, — расказаў Зміцер Есяневіч на канале «Жизнь-малина» пра механізм праверкі людзей, якія перасякаюць мяжу. — Каго заўжды выклікаюць? Грамадзян з украінскімі пашпартамі і «неблаганадзейных».

Зміцер Есяневіч

Гэта, магчыма, нейкія студэнты з Літвы ці Польшчы, і тыя, хто жыве ў Беларусі і на каго ў іх базе нешта ёсць.

Бачыў, як водзяць у кабінецікі таксама людзей, якія едуць на выезд, іх чакае аўтобус. Бывае, і па дзве гадзіны стаіць аўтобус, усе чакаюць.

Дзмітрый расказаў, як праходзіць тое «інтэрв’ю»:

— Заходзіш — там стаіць парта, быццам бы нейкі клас, сядзіць чалавек, які пячатае нешта, уносіць нейкія даныя, то-бок калі я прыехаў, калі паехаў.

Глядзяць твой пашпарт, тэлефон і пытаюцца ў цябе што-небудзь такое: куды ездзілі, чаго, што ў вас там. Кажу: на здымкі.

— Так вы артист?

— Да.

— Класс, никогда не имел дела с артистами.

Я заўсёды люблю здымаць нейкія праездкі (відэа), іх шмат у тэлефоне. Сярод іх была нейкай будоўля. Ён да мяне: «Что это? Где вы это снимали?»

— Недалеко от Варшавы.

— То есть не в Беларуси?

— Нет.

— Понятно.

Гэта цягнецца, пакуль ты не адкажаш на іх пытанні. Першае інтэрв’ю было такое жорсткае, нібыта азначала «ждите, к вам придут». Пасля былі не такія. Апошні раз, было відаць, яны самі не разумелі, аб чым павінны ў мяне дапытвацца: «В чем дело?». Кажу, не ведаю.

— Значит, будем тут сидеть. Почему вы у нас?

— Я не знаю. Я еду со съемок, был на кастинге в Берлине, возвращаюсь.

— Ладно, а вообще?

— Ну, я в Купаловском работал.

— А, понятно!

Дарэчы сам акцёр быў затрыманы, калі ехаў у Вільню. Ён атрымаў 14 содняў адміністрацыйнага арышту і пасля вызвалення з'ехаў з Беларусі.

— Я еду ў аўтобусе, мне тэлефануе жонка і кажа: «Да мяне прыходзілі». Яны думалі, што я дома.

Напісаў ёй паведамленне, што еду да мяжы, а там што будзе, не ведаю. Але я ўсё ўжо зразумеў. На мяжы праверылі пашпарт: «Пастойце в сторонке. Пройдемте», — успамінае акцёр.

Ён таксама згадаў, як здымаюць тыя самыя «пакаянныя відэа»:

— Там зялёны фон і ты гаворыш тое, што яны просяць: «Скажи это и это, и это». Мне асноўнае было за тое, што працаваў на Белсаце, таксама «в купаловском говори, что работал».

У першым дублі двух слоў звязаць не мог. Там страшна. Калі сядзеў у кабінеце, чуў, як яны раўлі на нейкую жанчыну, яна таксам нешта не хацела прызнаваць.

На соднях быў упэўнены, што ўсё мне, што будуць раскручваць. Было сказана, што Пратасевіч жа не сядзіць. Думаў, можа яны каманду нейкую збіраюць «золотой молодежи Беларуси», якая засталася ў Беларусі, і зараз нам трэба ўсім даць інтэрв’ю на БТ.

Цікава, што на судзе ва ўсіх да гэтага часу кавід, бо яны ў масках. Суддзя — да мяне: «Признаете ли вы, что кричали, ругались матом» і г.д. І ты не разумееш, што табе рабіць.

Кажу: «Я не рабіў гэтага». Суддзя: «Сейчас появится свидетель». З’явіўся сведка ў балаклаве і ўсё, слова ў слова, як напісана ў паперах, то-бок «ругался матом», пасля ў кагосьці было, што «сорвал шеврон», у кагосьці — «хватался руками за форму», у мяне было, што я «цветок скидывал».

Пасля гэтага суддзя пытае яшчэ раз: «Теперь вы согласны?» Кажу: так.

Каго я бачыў у камерах? Бачыў маладога інсуліншчыка, які працуе недзе поварам. У яго знайшлі байку з «Пагоняй» у сацсетках за 2013 год! То-бок гэта ўсё будзе працягвацца і шукацца, гэта бясконцая праца для органаў.

Таксама быў чалавек сталага ўзросту, відаць, што ў яго ёсць грошы, ён ведае мову. Ён апрануў сабачку ў нешта, што нагадвала па колеру БЧБ. За сабачку яго і пасадзілі.

Далей, па Мінску быццам бы ходзяць свабодныя маладыя людзі, усе ў татухах, ружовыя, сінія, зялёныя валасы. Я так думаю, што такім чынам у нас працягваецца гульня ў «цэнтр Еўропы».

Але ў той жа час у камеры з’яўляецца чалавек, які расказвае, што яны сабраліся ў нейкай культурніцкай прасторы на майстар-клас ігры на хангах. Прыехаў АМАП, накрыў усіх, там было некалькі дзясяткаў чалавек. Ва ўсіх праверылі тэлефоны і частку людзей затрымалі, — расказаў акцёр пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(16)