Филин

Кацярына Батлейка

Класкоўскі: «Апетыт прыходзіць падчас яды. Лукашэнкаўцы сталі зашмат прасіць»

Ці магчыма сустрэча Лукашэнкі з Трампам? І чаму зараз дыялог знаходзіцца ў складанай фазе? Пра гэта ў інтэрв’ю Филину распавёў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Лукашэнка не выключае, што восенню паедзе на Саміт міру і сустрэнецца там з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Аднак ён не хоча абмяркоўваць з ім толькі пытанне палітзняволеных.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабiя».

— Не толькі, як вы сказалі, зняволеныя, асуджаныя і гэтак далей. Ну, слухайце, гэта на паверхні. У нас ёсць пытанні амбасадаў, у нас ёсць пытанні эканамічнага, фінансавага характару. У нас шмат пытанняў. Гэтыя пытанні павінны быць у адным пакеце. І ў выніку сустрэчы двух прэзідэнтаў павінны быць… Ну, калі не дамоўленасці, то хаця б намёкі на развязанне гэтых пытанняў, — сказаў Лукашэнка.

Ці магчыма асабістая сустрэча Лукашэнкі і Трампа? І на якім этапе знаходзіцца дыялог паміж Беларуссю і ЗША? «Филин» спытаў у палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.

— У інтэрв'ю Лукашэнка наконт сустрэчы з Трампам выказаўся вельмі асцярожна, сказаўшы, што запрошаны на Саміт міру. Што паедзе — не сказаў. Бо ў яго ўжо ёсць балючая засечка ў памяці, калі на першы Саміт, куды ён таксама быў запрошаны, яму фактычна не дазволіла паляцець Масква, — кажа Класкоўскі. — Розныя спікеры зрабілі папераджальныя заявы і ён, відаць, вырашыў не дражніць рускага мядзведзя.

Ну а цяпер Масква таксама пільнуе, і Лукашэнка тут асцярожны. Канешне, ён бы хацеў сустрэцца з Трампам, але, відаць, на 100% не ўпэўнены, што Масква адпусціць.

Аляксандр Класкоўскі

Калі казаць пра дыялог рэжыма з амерыканцамі, то аналітык адзначае: нейкі час таму сярод экспертаў узнікла думка, што дыялог забуксаваў ці нават зайшоў у тупік. Але Класкоўскі лічыць, што дыялог працягваецца, хоць і знаходзіцца ў складанай фазе.

— Тут я бачу некалькі прычын. З беларускага боку гэта, відаць, сітуацыя, калі апетыт прыходзіць падчас яды. Мне давялося пачуць ад дасведчанай крыніцы, што лукашэнкаўцы сталі зашмат прасіць.

Лукашэнка разумее, што дыялог з ЗША — унікальны шанец, што Трамп — непастаянная персона, і таму ён хоча выціснуць максімум, пакуль такі дыялог працягваецца.

Лукашэнка ў інтэрв’ю ўзгадаў пытанне амбасад. Гэта азначае, што для яго важныя моманты так бы мовіць легітымізацыі. Таму што, калі амерыканская амбасада вернецца ў Мінск, гэта будзе своеасаблівым прызнаннем ягонай улады над краінай.

Але тут жа ён згадвае эканамічныя і фінансавыя пытанні. Натуральна, тут найперш ідзе гаворка пра адмену санкцый. Плюс мы бачым спробы Лукашэнкі з дапамогай амерыканцаў так бы мовіць «нахіліць Еўропу» (калі казаць яго мовай). У прыватнасці, у калійным пытанні, бо мы ведаем, што з Дзярждэпартамента пайшлі лісты ў Вільню, Варшаву і Кіеў з прапановай забяспечыць калійны транзіт.

У гэтым жа інтэрв'ю Лукашэнка адказвае на прамое пытанне, што не адмовіўся б ад амерыканскай дапамогі ў пытанні нармалізацыі адносін з Еўропай. То бок Мінск хоча нагрузіць амерыканскі бок яшчэ і гэтай задачай.

Замест таго, каб ісці на нейкія саступкі Еўропе: спыніць міграцыйны крызіс, рэпрэсіі і г.д., — Лукашэнка спадзяецца, што Трамп у пэўных пытаннях выкруціць еўрапейцам рукі. Але не факт, што так будзе. Вялікае пытанне, ці будзе Трамп настолькі ўпісвацца за Лукашэнку, каб сварыцца з еўрапейскімі лідарамі.

Таму, падсумоўвае Класкоўскі, з аднаго боку праблема ў тым, што афіцыйны Мінск вядзе жорсткі торг. З іншага боку — новыя патрабаванні ад амерыканцаў.

— У сакавіку Коўл упершыню публічна загаварыў, што працяг рэпрэсій — гэта ненармальна, і праблему трэба неяк вырашаць. Потым пачалі ставіцца пытанні, каб палітвязні па сваім жаданні або выязджалі, або заставаліся ў краіне. Тут амерыканцы дасягнулі пэўнага прагрэсу: у сакавіку пераважная колькасць вызваленых засталася ў Беларусі.

Але ўсё адно працягваюцца подлыя дробязі з боку рэжыму, калі людзей выкідваюць з краіны без дакументаў або постфактум анулююць пашпарты. Наколькі я ведаю, дэмсілы Беларусі ставяць перад амерыканцамі і гэтыя пытанні. З іх падачы, відаць, каманда Трампа гэтыя пытанні ставіць перад Мінскам. А гэта новыя саступкі.

Лукашэнку не вельмі хочацца мяняць правілы гульні: ён вырашыў выпіхваць з краіны ўсіх сваіх праціўнікаў. Да таго ж працэс часам тармозіцца з таго, што беларускі бок ператасоўвае спісы. Яны думаюць, каго прадаць у гэтай партыі, каго яшчэ прытрымаць, каго выпусціць, каб ён унёс смуту ў апазіцыю.

Таксама, думаю, Джон Коўл зацікаўлены паказваць прагрэс, каб з кожнай групай вызваленых станавілася болей. Калі ў чэрвені летась было 14 чалавек, то ў сакавіку сёлета ўжо 250. Цяпер амерыканцы хацелі б, напэўна, не меней за 300. А той бок, напэўна, збівае гэту колькасць, бо людзі для Лукашэнкі — палітычны тавар.

Вось такога кшталту там, думаю, ідуць працэсы. А на тое, што дыялог працягваецца, указвае ў прыватнасці нядаўняя рэпліка Коўла — на пытанне, калі ён прыедзе ў Мінск, ён адказаў: «Хутка». Тэрміны зрушыліся, бо візіт павінен быў быць у траўні, але, мяркуючы па ўсім, дыялог ідзе. Я думаю, што для Коўла справа гонару — выканаць гэту місію. У яго ёсць стымул.

Стымул ёсць і ў Лукашэнкі — скарыстаць вакно магчымасцяў, бо, з іншага боку, Масква пачынае раўніва глядзіць на прагрэс у беларуска-амерыканскім дыялогу. Магчыма, з гэтым часткова быў звязаны нядаўні прыезд міністра замежных спраў Расіі Лаўрова ў Мінск.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(8)