Лойка: «Беларусь можа спрабаваць менавіта Інданэзіі прадаць «Беларуськалій»
Што Лукашэнка шукае ў Інданэзіі, аналізуе Радыё Свабода.
Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся з візытам у Інданэзіі ў рамках «працяглай камандзіроўкі». У Джакарту ён прыбыў пасьля двухдзённага неанансаванага візыту ў Кітай і двухдзённай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта на Валдаі.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамляюць пра сустрэчу з прадстаўнікамі інданэзійскага ўраду, на якіх Лукашэнка прапанаваў пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва, адкрываць сумесныя вытворчасьці і запрашаў інданэзійскіх чыноўнікаў у Беларусь для азнаямленьня з прадпрыемствамі і «беларускімі тэхналёгіямі савецкага паходжаньня».
Паведамлялася пра беларуска-інданэзійскі бізнэс-форум, які прайшоў напярэдадні візыту ў Джакарце, дзе былі падпісаныя пагадненьні прыкладна на 76 мільёнаў даляраў.
Якая асноўная мэта візыту і чым адрозьніваюцца палітычныя рэжымы Беларусі і Інданэзіі, разьбіраліся з экспэртамі.
Інданэзія як ключавы рынак для калійных угнаеньняў Беларусі
Як адзначае ў камэнтары Свабодзе галоўная рэдактарка выданьня «План Б» Вольга Лойка, Інданэзія — адзін з найбуйнейшых і традыцыйных рынкаў для беларускіх калійных угнаеньняў. У розныя пэрыяды яна ўваходзіла ў тройку—чацьвёрку найбуйнейшых пакупнікоў, пасьля Кітая і Бразыліі. Аб’ёмы паставак дасягалі 400–700 тысяч тон у розныя гады.
Раней пастаўкі беларускага калію ішлі праз літоўскую Клайпеду, але пасьля 2022 года гэта стала немагчымым праз санкцыі, і лягістыка была пераарыентаваная на Расею. У гэтым кантэксьце, паводле Лойкі, для Менска застаецца актуальным пошук новых маршрутаў і вяртаньне да балтыйскага транзыту.
— Пры гэтым Беларусь можа спрабаваць менавіта Інданэзіі прадаць «Беларуськалій». Гэта, прынамсі, абмяркоўвалася з большай ступеньню сур’ёзнасьці, чым у дачыненьні да амэрыканцаў. Таму што там была цікавасьць, але не было спробаў правесьці ацэнку гэтага актыву. А тут гэта абмяркоўвалася, і, наколькі я памятаю, быў нават тэндэр на тое, хто будзе ацэньваць. Таму Інданэзія — выключна важны рынак.
І ў цэлым Паўднёва-Усходняя Азія — гэта важны для Беларусі рэгіён. Усё ж Індыя, Кітай — найбуйнейшыя пакупнікі, і Інданэзія таксама. І я ўпэўненая, што калі прэзыдэнт Інданэзіі заяжджаў у Беларусь, гэта таксама было адным з найважнейшых напрамкаў абмеркаваньня.
Чаму заяжджаў у Менск прэзыдэнт Інданэзіі?
Летась у ліпені Лукашэнка ў Менску правёў неанансаваную сустрэчу з прэзыдэнтам Інданэзіі Прабова Суб’янта, які вяртаўся з Францыі і Бэльгіі. Пазьней францускае выданьне Intelligence Online паведаміла, што нечаканы візыт прэзыдэнта Інданэзіі ў Менск пасьля Парыжу мог быць зьвязаны з намерам набыць беларускую зброю. Аўтары адзначалі, што Беларусь не экспартуе ўзбраеньне без узгадненьня з Расеяй. Сам інданэзійскі лідэр заявіў, што прыляцеў у Беларусь дзеля перамоваў аб угнаеньнях.
Пазьней 28 ліпеня 2025 году начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Павал Муравейка прымаў у Менску міністра абароны Інданэзіі Шафры Шамсудзіна. На гэтым сустрэчы прадстаўнікоў дзьвюх дзяржаў не спыніліся. 5–7 жніўня летась Інданэзію наведваў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся «пытаньні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэньня ў Інданэзіі «зборачных вытворчасьцяў».
Важна зьвярнуць увагу на яшчэ адну паездку, якая можа сьведчыць пра ўласныя інтарэсы сям’і Лукашэнкаў.
Пакуль у лістападзе—сьнежні 2025 году Лукашэнка-старэйшы з сынамі Віктарам і Мікалаем гасьцяваў у Амане, у тыя ж дні якраз у Інданэзіі быў сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітры. Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, Дзьмітры Лукашэнка меў перамовы ў Інданэзіі пра «аграрную сфэру». Аднак ён кіруе так званым «Прэзыдэнцкім спартовым клюбам», і засталося невядомым, якім чынам ён упаўнаважаны гаварыць пра сельскагаспадарчую галіну.
Гэта стала падставай думаць, што сям’я Лукашэнкаў можа мець уласныя бізнэс-інтарэсы ў Інданэзіі. Пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць гэта пакуль не ўдалося.
Палітычны кантэкст візыту
Гісторык Яўген Красулін у размове са Свабодай заклікае разглядаць гэты візыт у больш шырокім палітычным кантэксьце. Паводле яго, Інданэзія пры прэзыдэнце Прабова Суб’янта — гэта краіна з дэмакратычнымі інстытутамі, але з моцнай вайсковай і аўтарытарнай традыцыяй, якая сыходзіць у эпоху вайскова-аўтарытарнага рэжыму Сухарта (1966- 1998).
https://gazetaby.com/assets/webp
Суб’янта сам зьяўляецца вайскоўцам і, паводле экспэрта, зьвязаны з мінулымі рэпрэсіўнымі пэрыядамі гісторыі краіны. У той жа час ён дэманструе збліжэньне з Расеяй, што стварае дадатковыя геапалітычныя сувязі паміж Масквой, Менскам і Джакартай.
Красулін адзначае, што паралелі паміж Беларусьсю і Інданэзіяй абмежаваныя. У Беларусі — мадэль кантролю дзяржавы над эканомікай і абмежаваньне прыватнага бізнэсу, у Інданэзіі часоў Сухарта — наадварот, курс на адкрытую рынкавую эканоміку і прыцягненьне інвэстыцый. Гэта, паводле гісторыка, дазволіла Інданэзіі дасягнуць высокіх тэмпаў росту ў 1970–1980-я гады, нават пры сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека.
Асобна ён падкрэсьлівае, што ў адрозьненьне ад Інданэзіі, Беларусь не прайшла праз эканамічную лібэралізацыю і застаецца залежнай ад зьнешніх спонсараў, перадусім Расеі.
Інданэзія як гулец у глябальнай палітыцы
Інданэзія актыўна ўдзельнічае ў абмеркаваньнях міжнародных канфліктаў, у тым ліку прапаноўвала «мірны плян» для завяршэньня вайны ва Ўкраіне ў 2023 годзе. Ён уключаў неадкладнае спыненьне агню, стварэньне дэмілітарызаванай зоны з адводам войскаў абодвух бакоў на 15 км і разьмяшчэньне міратворцаў ААН у гэтай зоне. Таксама прапаноўвалася правядзеньне новых рэфэрэндумаў на «спрэчных тэрыторыях» пад эгідай ААН. У МЗС Украіны тады заявілі, што ніякіх «спрэчных тэрыторый» паміж Украінай і Расеяй няма, бо гэта акупаваныя Расеяй украінскія землі.
Кіеў таксама адзначыў, што прапанаванае замарожваньне канфлікту і буфэрная зона могуць толькі даць Расеі час перагрупавацца і ўзмацніць вайсковыя дзеяньні.
Гісторык Яўген Красулін сумняецца, што палітычнае супрацоўніцтва з Інданэзіяй можа істотна зьмяніць статус Беларусі ў міжнароднай палітыцы. Паводле экспэрта, для Лукашэнкі галоўнае — не рэальныя вынікі, а сам факт прысутнасьці ў міжнароднай павестцы і візуальная дыпляматычная актыўнасьць.
Якія паралелі паміж 32-гадовым кіраваньнем Лукашэнкі і 32-гадовым кіраваньнем Сухарта
Сухарта — інданэзійскі вайсковы і палітычны лідэр, які быў другім прэзыдэнтам Інданэзіі і кіраваў краінай з 1966 па 1998 год. Ён прыйшоў да ўлады пасьля палітычнага крызісу і ваенных падзей сярэдзіны 1960-х гадоў, калі ў Інданэзіі адбыліся масавыя антыкамуністычныя рэпрэсіі і зьмяніўся балянс улады на карысьць вайскоўцаў.
За час яго праўленьня краіна заставалася аўтарытарнай: палітычная апазыцыя была абмежаваная, мэдыя кантраляваліся, а ключавую ролю ў кіраваньні адыгрывала армія. Пры гэтым Сухарта правёў эканамічныя рэформы, адкрыў краіну для замежных інвэстыцый і арыентаваў Інданэзію на супрацоўніцтва з Захадам. Гэта забясьпечыла працяглы пэрыяд эканамічнага росту, але таксама суправаджалася карупцыяй і парушэньнямі правоў чалавека.
У 1998 годзе ён быў вымушаны сысьці ў адстаўку на фоне масавых пратэстаў і фінансавага крызісу ў Азіі.
Гісторык Яўген Красулін адзначае, што рэжым Лукашэнкі арыентаваны ў мінулае, на задушэньне прыватнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.
— Гэта рэжым, які падмінае пад сябе ўсю эканоміку і ўвесь бізнэс. Рэжым Сухарта наадварот, праводзіў рэформы ў бок рынкавай адкрытай эканомікі. Гэта зрабіла Інданэзію вельмі прывабнай краінай для інвэстыцый, у сваёй зьнешняй палітыцы арыентаваўся на краіны Захаду, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Эўропы і таму падобнае. І гэта дазволіла ў пэрыяд 70-80 гадоў дасягнуць значнага эканамічнага росту. І інданэзійскае грамадзтва заплюшчыла вочы на тое, што адбывалася ў гэты час з правамі чалавека з задушэньнем палітычнай апазыцыі. Бадай гэта збліжае гэтыя рэжымы, — тлумачыць гісторык.
Красулін прыгадвае 2000-я гады, калі ў Расеі былі нафтадаляры і яна магла актыўна спансаваць рэжым Лукашэнкі.
— Інданэзія таксама падсела на нафтавую іглу, але за часам Сухарта яна змагла дывэрсыфікаваць сваю эканоміку і не трапіць у залежнасьць ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў, і адпаведна ня трапіць у залежнасьць ад ваганьня сусьветных цэнаў. Тым ня менш, якраз глябальны фінансавы крызіс 1998-га году даволі балюча ўдарыў па гэтай краіне, што парушыла негалосны дагавор паміж грамадзтвам і аўтарытарным рэжымам. Там рэзка паднялі цэны на бэнзін.
Зьвернем увагу, што Лукашэнка падвышае кошты кожны раз на капейку, а ў Інданэзіі ў траўні 98-га на 70% паднялі гэтыя цэны, што, канешне, гэта ўжо прывяло да выбуху. І вось далей Інданэзія, прайшоўшы гэтую трансфармацыю, перайшоўшы да дэмакратыі, яна здолела разьвіваць сваю эканоміку на падмурку ў тым ліку тых рэформаў, якія былі праведзены за часам Сухарта. А Лукашэнка адразу казаў, што ён будзе будаваць Савецкі Саюз з ягонай эканомікай».
Тут вельмі моцна разыходзяцца шляхі рэжымаў Сухарты і Лукашэнкі, падкрэсьлівае Красулін, і згадвае, як сёньня «Лукашэнка палохаў сваіх новых інданэзійскіх сяброў савецкімі тэхналёгіямі».
Што важна ведаць пра Інданэзію
Былая нідэрляндзкая калёнія Інданэзія — найбуйнейшая астраўная краіна сьвету, якая складаецца з больш як 17 тысяч астравоў. Тут жыве каля 280 мільёнаў чалавек. Асноўная рэлігія — іслам, але краіна шматканфэсійная: афіцыйна прызнаюцца таксама хрысьціянства, індуізм, будызм і канфуцыянства. У розных рэгіёнах лад жыцьця моцна адрозьніваецца: напрыклад, на востраве Балі пераважае індуізм і больш лібэральная атмасфэра.
Інданэзія — адна з найбуйнейшых эканомік Азіі і ўдзельнік G20. Краіна экспартуе пальмавы алей, вугаль, нікель, каўчук і іншыя сыравінныя тавары, а таксама актыўна разьвівае прамысловасьць і лічбавы сэктар. Асабліва важны для краіны нікель — Інданэзія стала ключавым сусьветным пастаўшчыком гэтага мэталу, які выкарыстоўваецца ў батарэях для электрамабіляў. Узровень жыцьця вельмі нераўнамерны: побач з сучаснымі мэгаполісамі ёсьць бедныя сельскія раёны.
Краіна раскінутая на велізарнай тэрыторыі паміж Індыйскім і Ціхім акіянамі. Асноўныя цэнтры — востраў Ява, дзе жыве больш за палову насельніцтва, а таксама Суматра, Калімантан, Сулавесі і іншыя рэгіёны. Сталіца традыцыйна Джакарта, але ўлады ўжо будуюць новую сталіцу Нусантара на востраве Калімантан з прычыны перанаселенасьці Джакарты.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное