Политика

Навумчык: «Гэтак два заможныя суседы-канкурэнты ўлічваюць суседзтва на лесьвічнай пляцоўцы трэцяга, напаўжабрака-напаўалкаша»

Палітычны аналітык — пра новую рэальнасць, у якой апынулася Беларусь, і сапраўднае месца нашай краіны.

— «Пэкінскі сюжэт» апошніх дзён зафіксаваў новую геапалітычную рэальнасьць: Расея больш не ўваходзіць у лік дзяржаваў, якія прымаюць канчатковае рашэньне па самых галоўных праблемах плянэтарнага маштабу, — піша Сяргей Навумчык. — Такіх краінаў толькі дзьве: ЗША і Кітай (прычым Сі выглядае палітычна і псыхалагічна больш моцным побач з Трампам, але гэта асобная тэма).

Сяргей Навумчык

На сёньня Расея мае найбольшую колькасьць ядзерных боегаловак — на пару сотняў больш, чым ЗША, і ў дзесяць разоў больш за Кітай. Таму Масква, безумоўна, будзе фігураваць у глябальных раскладах, але істотная акалічнасьць: улічвацца будуць не інтарэсы Расеі, а сама наяўнасьць Расеі як фактара небясьпекі (для Вашынгтону) і крыніцы прыродных рэсурсаў (для Пэкіну).

Гэтак два заможныя суседы-канкурэнты ўлічваюць суседзтва на лесьвічнай пляцоўцы трэцяга, напаўжабрака-напаўалкаша, які чамусьці на законных падставах трымае дома паляўнічую стрэльбу; залішне казаць, што пры першай рэальнай магчымасьці яны аб’яднаюцца, каб выселіць такога суседа.

Выснова, да якой прыходзяць камэнтатары пасьля візыту Пуціна ў Кітай: Масква баялася зрабіцца сыравінным прыдаткам Захаду, а ў выніку антызаходняй пуцінскай палітыкі робіцца сыравінным прыдаткам Кітаю, прычым на значна горшых, дэмпінгавых умовах.

Як можна ацаніць новую рэальнасьць з пазыцый інтарэсаў Беларусі, з улікам васальнай залежнасьці ад Масквы, у якую Лукашэнка паставіў краіну цягам свайго кіраваньня?

Канешне, хочацца прыгадаць формулу са школьнага падручніка па гісторыі сярэднявечча — «Васал майго васала — ня мой васал», спадзеючыся, што падвоенага васальства (і ўвогуле васальства) удасца пазьбегнуць.

Але падручнік, нагадаю, быў па пэрыяду сярэднявечча, правілы сто разоў мяняліся. Ну і варта памятаць, што кіроўная партыя Кітаю мае назву — камуністычная. І гэта нейкім дзіўным чынам спалучаецца з самаўсьведамленьнем Кітаю як цывілізацыі (ня проста імпэрыі — цывілізацыі), якая налічвае тысячы стагодзьдзяў.

Можна меркаваць, Кітай захоча падпарадкаваць сабе ўсё, што ўжо можна (і пакуль няможна). Без уласьцівых старой Эўропе сантымэнтаў зь яе гуманітарнымі каштоўнасьцямі.

Застаецца хіба ізноў паглыбіцца ў гісторыю і пераканацца, што карэньні Беларусі — у Эўропе.

Эўропа — наш родны дом, іншага такога роднага — ня будзе. Ды і ня трэба.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(2)