Политика

Назад у СССР. Як Лукашэнка бачыць рэформу кіраваньня дзяржавай

Валер Карбалевіч на Радыё Свабода — пра тое, чаму інтэрвію правіцеля прапагандысту можна лічыць праграмным.

Лукашэнка перастаў саромецца і лічыць, што прыйшоў час, калі можна нават не імітаваць заходнія падыходы да дэмакратыі. Яго даймаюць думкі пра адмену ўсенародных выбараў як інстытуту. Інтэрвію RT стала добрай падставай для публічнай дыскрэдытацыі заходніх уяўленьняў пра дэмакратычныя нормы.

Камплімэнтарны Санчэс

Аляксандр Лукашэнка даў чарговае інтэрвію расейскаму мэдыя. Але ягоная асаблівасьць палягае ў тым, што цяпер ён адказваў на пытаньні журналіста расейскага прапагандысцкага каналу RT (Russia Today), які вяшчае на замежжа. І інтэрвіюерам выступіў амэрыканскі журналіст Рык Санчэс, які цяпер працуе на Расею.

Прагучала шмат звыклых для Лукашэнкі наратываў пра міжнародную палітыку, сытуацыю ў Беларусі, беларускі дзяржаўны лад. Але было і нешта новае.

Найперш зьвяртае ўвагу вельмі камплімэнтарны тон журналіста, які задаваў пытаньні. Такога хваласьпеву на адрас Лукашэнкі даўно ня чулі нават ад расейскіх і беларускіх прадстаўнікоў дзяржаўных мэдыя, якія бралі ў яго інтэрвію.

Санчэс ахарактарызаваў яго як аднаго з лідэраў «руху за сьветлую будучыню для ўсяго сьвету». Ён захапляўся высокім узроўнем народнай падтрымкі, якую нібыта мае Лукашэнка.

«Некаторыя заходнія лідэры кшталту Трампа, Макрона, Стармэра — яны ўсе разам узятыя, магчыма, не валодаюць такой падтрымкай свайго насельніцтва і яны толькі мараць аб тым, каб іх так падтрымлівалі», — заявіў журналіст.

Якраз развагі Лукашэнкі пра дэмакратыю падаліся найбольш цікавымі і знакавымі ў гэтым інтэрвію. Тэзыс пра тое, што ў Беларусі дэмакратыі больш, чым на Захадзе, Лукашэнка шмат разоў агучваў і раней. Вось і цяпер ён цьвердзіў: «У нас — я пра гэта даўно казаў — дэмакратыі вам давядзецца вучыцца. У нас у сто разоў гэтай дэмакратыі больш, чым у вас. Рэальнай дэмакратыі, рэальных правоў чалавека».

Адступленьне дэмакратыі

Знакавасьць падобнага роду развагаў цяпер палягае ў тым, што памянялася сытуацыя. Пасьля падзей 2020 году, здавалася, што Лукашэнка страціў надзею ўвайсьці ў беларускую гісторыю ў якасьці станоўчага вобразу.

Жорсткае падаўленьне народных пратэстаў дзеля ўтрыманьня ўлады дорага каштавала Беларусі: палітвязьні, рэпрэсіі, масавя эміграцыя, санкцыі, міжнародная ізаляцыя, абмежаваньне сувэрэнітэту, саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны і інш.

Лукашэнка, падавалася, успрыняў гэта як наканаваньне, махнуў рукой на тое, якім ён застанецца ў гістарычнай памяці народа, толькі вырашаў праблему палітычнага самавыжываньня, самазахаваньня.

Але тут раптам моцна памянялася міжнародная сытуацыя. Разбурэньне ранейшай сыстэмы міжнародных адносін, імкненьне вялікіх дзяржаў вырашыць назапашаныя канфлікты сілавымі мэтадамі, моцна памянялі ўсю сусьветную парадыгму. Праблема дэмакратыі і правоў чалавека адышла на другі плян, саступіўшы месца пытаньням бясьпекі.

Зь іншага боку, назіраецца трэнд на адступленьне дэмакратыі ў сьвеце. Паводле ацэнак швэдзкага праекту Varieties of Democracy, амэрыканскай арганізацыі Freedom House і іншых структур, якія дасьледуюць дэмакратычныя працэсы, за апошнія два дзесяцігодзьдзі працэнт людзей, якія жывуць у свабодных грамадзтвах, скараціўся ўдвая.

Цяпер у цалкам свабодных краінах пражывае толькі 20 адсоткаў насельніцтва сьвету. Экспэрты даводзяць, што сытуацыя ў гэтым пляне адкацілася да 1970-х гадоў, калі яшчэ існавала «сыстэма сацыялізму».

Лукашэнка трапіў у трэнд?

На гэтым тле ў Лукашэнкі адкрылася другое дыханьне. Выглядае, ён лічыць, што трапіў у трэнд і атрымаў шанец застацца «на правільным баку гісторыі».

Ён акрыяў, перастаў саромецца і пачынае намацваць, прапаноўваць, умоўна кажучы, сваю «дактрыну» дэмакратыі. Лукашэнка палічыў, што зноў на кані.

Ён не апраўдваецца, не абараняецца, а наступае, павучае. Лукашэнка лічыць, што прыйшоў час, калі можна нават не імітаваць заходнія падыходы да дэмакратыі.

І згаданае інтэрвію стала добрай падставай для публічнай прэзэнтацыі на замежжа сваіх ідэяў і дыскрэдытацыі заходніх уяўленьняў пра дэмакратычныя нормы.

Лукашэнка кажа, што «шматпартыйнасьць, плюралізм меркаваньняў, іншае, іншае, іншае» — «гэта брахня, заходняя брахня». Маўляў, ня трэба ніякай сыстэмы стрымак і проціваг, падзелу ўладаў, адзіным стрымліваючым чыньнікам для палітыкаў ва ўладзе, паводле яго, ёсьць народ.

Зразумела, гэта дэмагогія. Бо каб абстрактны народ сапраўды змог кантраляваць уладу, патрэбныя дзейныя інстытуты і мэханізмы, кшталту выбраў, рэальных прадстаўнічых органаў, незалежных мэдыяў і інш.

Вось гэтыя заходнія тэорыі даводзяць, што ўлада павінна мяняцца, каб перадухіліць дыктатуру. Гэта няправільна, лічыць Лукашэнка, «у прэзыдэнта павінен быць час». А заходнія палітыкі, якія мяняюцца ў ходзе дэмакратычных выбараў, «дачасьнікі».

«Прыйшлі, схапілі і сышлі — вось аснова іхнай палітыкі», — кажа ён. З гэтай нагоды Лукашэнка кажа пра Трампа: «Ён дачасьнік, у яго чатыры гады. Што ён за чатыры гады зробіць? Нічога. Нічога ня зробіць».

Лукашэнка лічыць, што «цяпер яны да нас павінны прыяжджаць і рабіць адпаведныя высновы», вучыцца. Ён, мусіць, зьбіраецца навучыць, як 32 гады ўтрымліваць уладу і нікому не аддаваць.

У які бок плянуецца рэформа кіраваньня?

На тле такіх разважаньняў цалкам лягічна гучаць нейкія цьмяныя згадкі пра тое, што трэба «правесьці рэформу кіраваньня дзяржавай, выкарыстоўваючы досьвед старога». У якім кірунку?

Ды ня трэба далёка хадзіць, варта вярнуцца ў савецкія часы. Лукашэнка лічыць, што адмена савецкай канстытуцыйнай нормы пра кіроўную і накіравальную ролю камуністычнай партыі была памылкай, падкінутай «ворагамі».

Фото kulturologia.ru

Ягоныя ранейшыя развагі пра перавагі кітайскай палітычнай сыстэмы, у якой не існуе выбараў, разам зь цяперашнімі дыфірамбамі савецкай таталітарнай сыстэме сьведчаць пра тое, што яго даймаюць думкі пра адмену ўсенародных выбараў як інстытуту. Уся «дэмакратыя» зводзіцца да нікім ня выбранага Ўсебеларускага народнага сходу, які можа прызначаць прэзыдэнта.

Так што гэтае інтэрвію можна лічыць праграмным. Гэта заяўка на падрыхтоўку грамадзкай думкі да фармальна юрыдычнага афармленьня таталітарнага ладу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)