У чым Забара мае рацыю, а ў чым – не
Рэдакцыйны каментар да рэзкіх выказванняў вядомага рэжысёра ў бок беларусаў.
Рэзкія выказванні вядомага рэжысёра могуць выклікаць у шмат каго з нашых суайчыннікаў моцную эмацыйную рэакцыю. Але для ўсіх будзе лепш, калі паспрабаваць спакойна разабрацца.
Канешне, непрыемна чуць, што Ігар Забара жорстка крытыкуе беларусаў. Але мы мусім разумець, што пасьля пачатку паўнамаштабнага расейскага ўварвання, якое адбывалася ў тым ліку з тэрыторыі нашай краіны, шмат украінцаў наогул не абіраюць словы, калі кажуць пра нас. Гэта з’ява, якую наўрад ці слушна ігнараваць.
Суседзі традыцыйна закідаюць беларусам «бесхрыбетнасць»: маўляў, пратэставалі, здымаючы тапкі перад тым, як стаць на лаўку, замест таго, каб даціснуць Лукашэнку рашучымі дзеяннямі. Адказаць на гэты папрок нібыта лёгка: «бесхрыбетныя» ў прынцыпе не пратэстуюць. Да таго ж у краіне, дзе дыктатура ўмацоўвалася больш за чвэрць стагоддзя.
Але ж украінцаў таксама можна зразумець. Яны былі ў падобнай (хаця і не цалкам) сітуацыі ў 2014-м і тады дзейнічалі радыкальна і самаахвярна. Нават, калі дэманстрантаў пачалі забіваць, астатнія не разбегліся. Таму зараз суседзі бачаць нашу сітуацыю з вышыні свайго досведу, дзе была і «Нябесная сотня», і перамога…
Аднак гэта толькі частка праўды. Пра зваротны бок медаля кажа сам рэжысёр, гаворачы пра луцкіх хлопцаў, сярод якіх 13 з 15 «касілі». І адбывалася гэта не ўвосень 2024-га, а на самым пачаткау ўварвання, калі патрыятычны ўздым быў максімальны. Сапраўды, «ніхто не хоча паміраць»: ні беларусы, ні украінцы…
Зусім непрыемна гучаць словы Забары у адказ на згадку пра рэпрэсіі ў Беларусі: «Што вы кажаце! Не можа быць, ай-яй-яй... Гэта вы зараз мне і маім аднавяскоўцам, на каго кожны дзень ляцяць бомбы?»
Сарказм тут абсалютна не да месца. Але ясна і іншае: страты, якія панесла Україна за 2022-2024 гады, непараўнальна большыя, чым нашы. Паводле самых сціплых падлікаў, гаворка ідзе пра шасцізначную лічбу тых, хто загінуў: вайскоўцаў ды мірных жыхароў. Пасля гэтага цяжка захоўваць узважанасць і паліткарэктнасць.
Да таго ж украінцы увесь час чуюць заявы Лукашэнкі, які падтрымлівае Пуціна. І чуюць не менш гучнае маўчанне беларускага грамадства, за не такімі шматлікімі, як хацелася б, выключэннямі. Відавочна, што суседзі чакалі ад нас большай салідарнасці… Добра, што ёсць полк Каліноўскага, што беларуская дыяспара падтрымлівае Украіну. Але ўсе пытанні гэта не здымае.
Да гонару Забары ён не апранае «белае паліто». Распавядае ў тым ліку, што не адразу адмовіўся ад прапановы ўзначаліць Севастопальскі тэатр у той час, калі Крым ужо быў анэксаваны. Раздумваў над такім варыянтам, а не ўмомант паслаў прадстаўнікоў акупантаў.
Падастыўшы, рэжысёр ужо ўзгадвае Беларусь і беларусаў цёплымі словамі. І гэта, мабыць, пакідае надзею на лепшае, што тычыцца адносін паміж украінцамі і намі.
І Забара, і яго суайчыннікі маюць права на ўласнае меркаванне. Пытанне ў тым, ці варта карыстацца гэтым правам так катэгарычна?
Лічым, што лепш за ўсё было б украінцам пачуць і зразумець беларусаў, а беларусам – украінцаў. Бо сварка паміж намі выгодная толькі Крамлю. Ён шмат што робіць, каб нацкаваць нас адзін на аднаго. Калі гэта атрымаецца, горш будзе і беларусам, і украінцам.
Калі ж з абодвух бакоў знойдзецца дастаткова разумных людзей, каб ствараць не ворагаў, а саюзнікаў, то раней ці пазней у нас будзе свая трыўмфальная чарка – за агульную перамогу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное