Филин

Кацярына Батлейка

Казак: «Украіна не хоча пашыраць фронт, таму адбываецца палітыка накшталт: Лукашэнка, не рабі лішніх рухаў, бо можа быць горача і цяжка»

Эксперт па бяспецы Аляксандр Казак пракаментаваў «Салідарнасці» абвінавачванні Украіны ў бок Мінска і магчымы візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў.

Нагадаем, раней Спікер ДПСУ Андрэй Дземчанка заявіў, што на тэрыторыі Беларусі каля мяжы з паўднёвай суседкай назіраецца «пэўная актыўнасць» — «у тым ліку гэта тычыцца стварэння лагістычных напрамкаў, палігонаў, далейшай, магчыма, актыўнасці, супрацоўніцтва з Расіяй».

Аляксандр Казак

— Украіна вядзе сваю асобную палітыку адносна Беларусі. Ёсць пэўная сепарацыя адносна афіцыйнага Мінску, бо праводзіцца такасама палітыка адносна беларускіх дэмакратычных сіл. Часам гэтыя палітыкі сутыкаюцца паміж сабой і тады ўзнікаюць канфлікты, — кажа эксперт.

— Калі мы вернемся да пытання, што адбываецца на Гомельшчыне ў межах будовы ваенных палігонаў і базаў, то скажу наступнае. Нядаўна Украіна заявіла, што на захадзе краіны, у былым піянерскім лагеры, адбываецца будаванне вайсковага гарадка. Але ж план на гэтае будаўніцтва быў падпісаны даўным-даўно, проста зараз ідзе яго рэалізацыя. Акрамя таго, падабаецца нам гэта ці не, але афіцыйны Мінск мае права праводзіць вучэнні і мадэрнізацыю сваіх войскаў.

Відавочна, гэта стварае пэўную занепакоенасць ва Украіне. Бо мы памятаем, што Беларусь з'яўлялася суагрэсарам падчас атакі на Украіну ў 2022 годзе. Згодна з гэтым Украіна разглядае, чым з'яўляецца для яе Беларусь. Любая вайсковая актыўнасць будзе ўспрымацца як патэнцыйная пагроза для Украіны. Мая любімая фраза, што гэта абсалютна нармальна. Так адбываецца кіраванне дзяржавай: немагчыма мець гэтую дзяржаву і не дбаць пра сваё войска. Пра якасць гэтага войска мы ўжо можам дыскутаваць.

Як вы лічыце, ці ёсць пагроза з боку Беларусі ў адрас Украіны?

— Тут цяжка сказаць. Тыя, хто кажа, што пагроза ёсць — алармісты. А тыя, што няма — наіўныя. Безумоўна, для Лукашэнкі ўдзел у агрэсіі — гэта будзе канец. Адбываецца трэк з амерыканцамі, каб спрабаваць наладжваць стасункі.

Разам з тым Лукашэнка разумее, што любая агрэсія і актыўнасць можа прывесці да адказу з боку Украіны. Украіна не хоча пашыраць фронт яшчэ на тысячу кіламетраў, таму адбываецца такая палітыка дыскусій: маўляў, Лукашэнка, не рабі лішніх рухаў, бо можа быць горача і цяжка.

На пачатку вы сказалі, што Украіна таксама праводзіць сваю палітыку ў адносінах з дэмсіламі. Сапраўды, нядаўна стала вядома, што ёсць пэўныя дамоўленасці па візіце Святланы Ціханоўскай ва Украіну. Што вы можаце сказаць наконт такой супрацы?

І калі гэты візіт адбудзецца, якой можа быць рэакцыя з боку рэжыма Лукашэнкі?

— Я магу толькі радавацца таму, што адбываюцца такія крокі насустрач. Але перад гэтым яшчэ вялікая і доўгая дарога. Вельмі радуе, што ёсць спроба сепарацыі афіцыйнага Мінску і дэмсіл. Не трэба таксама забываць, што вялікая колькасць беларусаў з'ехалі ва Украіну і дагэтуль там. Гэта пэўны беларускі актыў, з якім таксама трэба наладжваць стасункі.

Цяжка сказаць, якой будзе рэакцыя з боку рэжыма. З большага, думаю, усё скончыцца словамі і абвінавачваннямі. Напэўна, не дойдзе да кінетычнага ўздзеяння на Украіну, бо фактычна няма чым уздзейнічаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)