Пашкевіч: «Дасягненні Святланы Ціханоўскай і яе каманды проста грандыёзныя»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі — пра візіт лідаркі дэмсіл у Кіеў і таямніцу яе палітычнага даўгалецця.

— Няўзброеным вокам відаць, наколькі вялікую цікавасць выклікаў візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну — і прэса беларуская асвятляла практычна кожны крок, і каментароў ды іншых рэакцый ад беларусаў было шмат, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Нячаста цяпер такое бывае. Хоць ездзіць Ціханоўская часта і шмат, і ўзровень яе візітаў пакуль на ўзроўні (прабачце за каламбур).

Аляксандр Пашкевіч

Але іншыя паездкі ды сустрэчы звычайна ці асвятляюцца мімаходзь, скупымі паведамленнямі, ці проста прамінаюцца ўвагай.

Прычына гэтага відавочная — як вартая ўвагі навіна ўспрымаецца тое, што падымаецца над звычайнай руцінай, нясе ў сабе элемент незвычайнасці. Да паездак Ціханоўскай на самыя прэстыжныя форумы і рэгулярных сустрэч ды размоў з самымі высокімі асобамі заходняга свету мы ўсе даўно прывыклі, таму яны і не выклікаюць ужо вялікіх эмоцый ні ў журналістаў, ні ў спажыўцоў інфармацыі.

Запрасілі на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы? Ну дык і ў мінулым годзе запрашалі, і ў пазамінулым. У Давос? Там таксама бывае з году ў год. Берлін, Брусель, Парыж? Гэта які ўжо раз там? Прэзідэнты, прэм'еры, канцлеры побач з Ціханоўскай таксама тасуюцца як калода ў рэжыме будзённасці для старонняга назіральніка. Нецікава.

А вось візіты ў Кіеў, ці крыху раней у Ерэван — гэта ўжо прарывы, раней такога не было і нават здавалася, што зусім немагчыма. Таму і ажыятаж.

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі

Насамрэч трэба сказаць, што адной з праблем для цяперашняга іміджу Ціханоўскай — ключавое яе абвінавачванне з боку хейтараў, што, маўляў, «нічога не робіць», — з’яўляецца тое, што неверагодных, у пэўным сэнсе нават унікальных дасягненняў ёй самой і яе камандзе ўдалося ў свой час дасягнуць, можна сказаць, адным рыўком — на хвалі вялізнай зацікаўленасцю Беларуссю і беларусамі ў 2020-2021 гадах.

Тады фактычна з'явіўся і цяперашні ўзровень кантактаў, і ключавыя важныя для беларусаў дамоўленасці, многія з якіх так ці інакш, са змяненнямі і мадыфікацыямі, дзейнічаюць і дагэтуль.

Але, канешне, жыццё няспыннае, і людзі заўсёды хочуць ды чакаюць, што трэба не стаяць на месцы, а ісці далей. Абсалютна натуральныя чаканні і пажаданні. Але ў працэс іх здзяйснення ўмешваюцца аб'ектыўныя перашкоды — заўсёды ёсць нейкая столь, дасягнуўшы якой рухацца далей ужо вельмі праблематычна. Тым больш што і спрыяльная кан’юнктура не можа трымацца вечна.

Пасля таго ж, як столь дасягнутая і кан'юнктура мяняецца са спрыяльнай на неспрыяльную, ісці наперад ці наверх ужо практычна немагчыма — упіраешся ў глухую сцяну, якую не прабіць. Адзіны магчымы варыянт руху ў такім выпадку — толькі ўніз і назад. І калі кан’юнктура неўзабаве зноў не паляпшаецца, то ты не можаш гэтага аб'ектыўнага працэсу цалкам пазбегнуць. Адно толькі, што яшчэ ў тваіх сілах — гэта працэс адкату па магчымасці прынамсі запаволіць.

І вось тут, трэба сказаць, дасягненні Святланы Ціханоўскай і яе каманды проста грандыёзныя. Амаль праз 6 гадоў пасля пратэстаў, калі ўмовы змяніліся настолькі кардынальна, утрымліваць беларускае пытанне на парадку дня — гэта сапраўды вынік тытанічнай працы.

Вядома, можна верыць у казкі, што нібыта на тыя саміты і канферэнцыі, дзе збіраюцца самыя-самыя, можна рэгулярна гадамі трапляць проста так, на аўтамаце — але гэта, вядома, не так. Утрымацца на вяршыні звычайна куды складаней, чым яе дасягнуць. Бо дасягненне можа быць выпадковасцю, утрыманне — ужо не.

У той жа час утрыманне дасягнутага — працэс не такі эфектны, як дасягненне, таму і складваецца ўражанне, што для яго не трэба ўвогуле рабіць ніякай працы, толькі сядзі і атрымлівай асалоду. Што, канешне, зусім не так.

Думаю, што вельмі вялікае, калі не першачарговае значэнне ў захаванні дагэтуль высокага прадстаўніцтва беларускага дэмакратычнага руху, нягледзячы на адсутнасць у яго рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю ўнутры краіны, мае асоба самой Ціханоўскай.

Яе часта крытыкуюць за нібыта неадпаведнасць лідарскім крытэрыям — стэрэатыпна ў якасці лідара ўспрымаецца які-небудзь брутальны Рэмба, які адчыніць нагой дзверы ў якую-небудзь рэзідэнцыю, будзе стукаць кулаком па трыбуне, размаўляць з усімі на павышаных танах і не прасіць, а патрабаваць. Але гэта глупства — так можна сябе паводзіць толькі тады, калі за табой ёсць нейкая рэальная сіла, з якой хоцькі-няхоцькі мусяць лічыцца.

Калі ты кіраўнік вялікай, багатай ці проста важнай у нейкім сэнсе дзяржавы, — тады ты можаш дэманстраваць цвёрдасць, задзірацца, ставіць ультыматумы і нават хаміць. Прыкладаў мы бачым шмат. Але калі супольнасць, якую ты прадстаўляеш, не мае рэальных уласных рэсурсаў і базуецца перадусім на маральным супраціве — то эфектыўныя лідары не могуць быць такімі таранамі, яны павінны перадусім умець згладжваць супярэчнасці, а не іх абвастраць.

Думаю, адна з таямніц такой доўгай выжывальнасці Ціханоўскай як лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл у вачах заходняга інтэблішменту — у тым, што яна сама цудоўна ў яго ўпісваецца, з лёту зразумела правілы гэтых асяродкаў і паслядоўна іх трымаецца.

Нездарма можна нярэдка пачуць захопленыя водгукі пра яе з боку заходніх палітыкаў, якія ўспрымаюць Ціханоўскую як чалавека сваёй культуры і сваіх каштоўнасцяў. А таму і хочуць мець з ёй справу, нават разумеючы яе абмежаваныя рэальныя магчымасці.

Была б яна правакатаркай, скандалісткай і проста непрыемнай асобай, за якую сорамна — то яе даўно б перасталі некуды ў сур'ёзныя месцы запрашаць. Фактычна не яе, канешне, а ўсіх нас, бо яна ж прадстаўляе на ўсіх мерапрыемствах не саму сябе.

Ну і на адносіны ўнутры супольнасці асабістыя якасці Ціханоўскай вельмі пазітыўна ўплываюць. Галоўнае, дзе ўжо 6 гадоў праяўляецца яе мудрасць — пазбяганне асабістага ўдзелу ў розных скандалах, няўвязванне ў спрэчкі з запіснымі хейтарамі, невядзенне на ўсялякія правакацыі. Таму шмат бруду ў яе бок нясецца, але па-сур'ёзнаму нічога не прыліпае.

Менавіта таму так доўга і захоўваецца Ціханоўская ў беларускіх асяродках як безальтэрнатыўны лідар. Да якога як да прадстаўніка ўсёй супольнасці звяртаюцца і замежныя палітыкі тады, калі бягучая кан'юнктура вымагае звяртання больш пільнай увагі на беларускае пытанне нават з боку тых, хто раней на яго глядзеў паблажліва.

І гэта вельмі цудоўна — што ў нас дагэтуль ёсць дакладны адказ на пытанне, каму можна патэлефанаваць, калі хтосьці хоча звязацца з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і зрабіць ім прапановы. Хоць не ўсе гэта цэняць, вядома. Бо гэта як пра здароўе: «Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie, Kto cię stracił» («Як шмат цябе трэба цаніць, толькі той і спазнае, хто страціў цябе»).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)