Наталля Бордак: «Сцягі можна забраць, але з сэрца іх не скрасці»

Пра барацьбу супраць рэжыму ды інтэграцыi з Расеяй, знаёмства з Анжалікай Мельнікавай, сваю мару-кніжку вершаў з карцінамі, «Салідарнасці» распавяла мастачка, паэтка і грамадская дзеячка з Нясвіжа, якую шмат хто ведае пад псеўданімам Наталка Хвоя.

9 мая 2014-га Наталля Бордак выйшла ў цэнтр Нясвіжа з плакатам «Не — пуцінскай вайне з Украінай!». Тры содні яе трымалі ў склепе РАУСа, а пасля судоў выпісалі штраф за адзіночны пікет. 

— Маё фота з анціпуцінскім плакатам актуальна да гэтай пары. Бо колькі людзей, лёсаў разбурана, знішчана гарадоў, сёл — жахліва! Мы і ў 2015-м, і ў 2016-м выходзілі з плакатамі каля расейскай амбасады ў Менску, супраць інтэграцыі з Расеяй. Як і ў снежні 2019-га з Паўлам Севярынцам ды іншымі актывістамі. Тады ў мяне быў плакат на ангельскай: «Гэта не інтэграцыя, а акупацыя!» У 2021-м выходзілі пасля забойства Вітольда Ашурка.

Апошнія 15 год, да эміграцыі ў Польшчу, Наталля жыла ў Нясвіжы. Вокны яе кватэры глядзяць на Фарны касцёл.  

— Калі ў жніўні 2020-га пасля 10 содняў вярнулася дамоў, то хуценька прыняла душ, узяла наш Сцяг, пашыты раней на швейнай машынцы, ды пайшла на плошчу. Там якраз збіраліся нашы людзі, усе разам пакрочылі па вуліцы і вакол Слуцкай брамы.

Толькі зараз у Наталлі ўзніклі падазрэнні, чаму да жніўня 2020-га яна ў 15-тысячным Нясвіжы ніколі не бачыла Анжаліку. Сёння здаецца — ну як так? З’явілася нейкая жанчына, бізнэсоўка з Менску, узяла сцяг — і ўсе мочкі пайшлі за ёй?      

— Тады быў уздым, спадзеў, эмоцыі зашкальвалі, і тут на гэтай хвалі павыплывалі «энтузіясты», якія ніколі не змагаліся за нацыянальныя ідэі.

Дзіўны момант адбыўся і з судом Анжалікі.

— На першае паседжанне да суда прыйшло каля 20 чалавек. Але Анжаліка выйшла на прыступкі і абвесціла, што суд перанеслі. Ды выказалася на гэты конт даволі гучна і катэгарычна.

Людзі тады, у першы раз, прыйшлі да суда, каб яе падтрымаць. У агульным чаце было аглашэнне пра суд, дзень і час. Мы тады хадзілі падтрымаць усіх, каго судзілі, ды, ці адбыўся «перанесены» суд — пра гэта мне невядома.

Aле ж так хутка ўсё кінуць ды з’ехаць за мяжу...

Я тады ў тэлеграме, які яна потым выдаліла, запыталася пра прычыну ад’езду: «Як вы даведаліся пра крыміналку?» Анжаліка адказала, што знаёмая папярэдзіла, жонка міліцыянта.

Сёння дзіўна, што яна жыла ў сталіцы і толькі прыязджала калі-нікалі да бацькоў, але чамусьці пратэстную актыўнасць узяла на сябе ў Нясвіжы.   

Зараз у Польшчы Наталля Бордак збірае сродкі на выданне свайго зборніка вершаў з выявамі карцін «Тры кроплі» — мара якую мастачка песціла палову свайго жыцця.

Тры яе тэмы — вера, вольная Радзіма і каханне. Наталля кажа, што ў яе жыцці цяпер няма страху. Яго ўвоголе не павінна існаваць, ён толькі ў нашых галовах. 

— Адчула страх толькі аднойчы, калі мяне зноў арыштавалі ў лістападзе 2020-га. Страх, што ўжо не выйду з таго ізалятара.

Тады мне далі 7 содняў за фотаздымак з жаночай акцыі ў чырвоным паліто. Знайшлі яго на маёй старонцы ў фэйсбуку. Калі я тры дні шукала сына, яго злавілі на Курапатах, і я не ведала дзе ён. Ездзіла ў Жодзіна, на Акрэсціна, тэлефанавала ў міліцыю. Пра сына не даведалася, але содні потым атрымала.

Быў і вобшук у маёй кватэры, забралі сцягі, што я пашыла. Вельмі радаваліся знаходцы. У пратаколе напісалі спачатку «чатыры», потым «пяць»... Усё не маглі вызначыцца колькі. 

Сцягі можна забраць, але з сэрца іх не скрасці. У мяне нават карціна ёсць «Сэрца ў выгнанні», на якой сэрца пранізвае бел-чырвона-белы Сцяг. 

У эміграцыі ў Наталлі адбылося ўжо некалькі выставаў. Зараз у  Доме творцаў у Варшаве знаходзіцца карціна «Дзесь за валошкай», якая выстаўлена на продаж. Калі яе набудуць, частка грошай пойдзе на аплату шэлтара для былых палітзняволеных.

— Адна знаёмая неяк сказала, што разглядае гэту карціну, як казку, нібы кіно глядзіць. Знаходзячы кожны раз розныя сэнсы. Містычная карціна, як і ўсё маё жыццё.

Калісьці, напрыканцы 90-х, на літаратурнай імпрэзе і Вольга Іпатава адзначыла: «У вашых вершах вершах ёсць нейкая магія».

Наталля кажа, што хвароба падштурхнула да выдання паэтычнага зборніка-каталога, каб не было страчана тое, чым жыла. 

— Да таго ж ўзрост, і дамовы ў Польшчы з Беларуссю няма. Таму няма і пенсіі. 

Наталля амаль месяц даглядала сталых людзей, пакуль не пахіснулася здароўе. Зараз цешыцца кожнай напісанай карціне, якіх у яе кватэры сабралася ажно 27. Увесь гэты час знаходзіцца на ўтрыманні сына з дапамогай дачкі.

— Цёмная субстанцыя, што пануе на Зямлі, учыняе зло, хоча каб людзі зняверыліся, апусцілі рукі,  перасталі любіць, успрымаць адзін аднаго на ўзроўні брата і сястры. Хаця і ў сям’і бывае, што вельмі балюча, як, напрыклад, у маёй.

Яшчэ да эміграцыі, аднойчы прыехала да сваякоў і пачула: «Предательница!»

Адказала толькі, што я не здрадзіла ні сваёй ідэі, ні мове. Запытаўшыся: «А вы даўно размаўлялі на роднай мове?»

— Мо гэта прапаганда, запалохванне ды страх. Як казала паэтка Дзіяна Балыка, «уся наша краіна зараз на хатняй хіміі».

— Так, наша краіна ў ступары. Зразумела гэта даўно – калі дала паглядзець блізкаму чалавеку дыск з фільмам Юрыя Хашчавацкага пра падзеі Плошчы-2006. А ён той дыск схаваў у рукаў паліто ў шафу. Дык што казаць пра 2020-ы...

Нонстопам ужо гэтыя хапуны ідуць, і рэпрэсіі дзесяцігоддзямі доўжацца. Папросту існаванне на грані «не з’ехаць з глузду».

Для мяне народ Беларусі, які застаўся і зараз там жыве, — гэта героі! Штодзённае выжыванне ў мегастрэсе…

Упэўнена, што большасць даўно марыць вырвацца з гэтай трыццацідвухгадовай пасткі. З пашчы падвойнай дыктатуры. Каб, нарэшце, пажыць, як людзі.

Наталля расказвае «Салідарнасці», што за дзень да гібелі Алеся Пушкіна намалявала карціну «Пілігрым». І зразумела, што гэта Алесь: у такім жа капялюшы, з дрэўкам, ідзе да святла... А на наступны дзень прыйшла жудасная навіна. 

З сабой у эміграцыю мастачка ўзяла толькі дзве невялікія карціны. Яшчэ дзве, па якіх балела сэрца, прывезлі знаёмыя. Дзеля гэтага давялося ісці ў міністэрства культуры, аформіць вываз, заплаціць пошліну ды адказваць на шматлікія пытанні.

— З прыгодамі, але ж прывезлі. Тады і сны перасталі сніцца як гэтыя карціны зразаюць з падрамнікаў, выкрадаюць.

Цяпер перастала бачыць у сне, што я вяртаюся ў Нясвіж, дзе мяне шукаюць…Часцей сніцца, што я каля дома, на падворку, а мяне ўжо ніхто і не шукае. Думаю, можа вяртацца ўжо? Дабро і святло некалі ж павінны перамагаць цемру.

Калі Паліна сядзела ў турме (Шарэнда-Панасюк — С.), намалявала яе выяву. Убачыла Паліну, як моцнага анёла са шчытом і мячом у руках. Супраць зла. Галіна Габт кінула кліч, і нашы людзі ахвяраваліся на карціну і на маю паездку ў Вільню. Каб пасля вызвалення Паліны перадаць ёй карціну. Астатнюю частку сабраных сродкаў перадалі іншай былой палітзняволенай.

Праз Байсол на аўкцыёне Наталля прадала сваю кампазіцыю з засушанымі беларускімі кветкамі. 285 еўра цалкам пайшлі на дабрачыннасць дзецям.

Карціна «Праява рэальнасці»

— На жаль, беларусы ў цэнтры Еўропы вымушаны існаваць у гэтай махровай дыктатуры столькі дзесяцігоддзяў! Што не дае ўзняцца ўжо другому пакаленню беларусаў, якіх апранулі ў аднолькавую форму ды вымушаюць хадзіць строем, моўчкі.

Але ж час прыйдзе! Калі з’язджала, быў таксама жнівень, раптам узнікла прадчуванне, што вярнуся праз 10 год. Паглядзела тады на гарвыканкам, на яго зялёна-чырвоныя колеры, ды падумала, што я пашыю свой, наш Сцяг у два метры, і ўсталюю яго над гэтым будынкам. Абавязкова! Бо не вярнуся, пакуль будзе лунаць іхні. 

Таму трымаю гэтую дату — 2030. Гэтай надзеяй мушу жыць і трываць. І, каб яна была ў кожнага. Паверыць ў нябачнае і тым наблізіць рэальнасць, спадзявацца на лепшае, не кідаць мару да волі на гэтым цяжкім шляху да Беларусі.   

— Вельмі прыгожы на карціне наш сцяг, які ляціць нібыта складзены з паперы самалёцік.

— Так, дзякую, наш Сцяг яшчэ ў космасе, але ён абавязкова вернецца ў наш родны край. Мы яго павінны прыцягнуць сваiмі шчырымі сэрцамі і думкамі, сваёй беларускасцю, ідэнтычнасцю і самасвядомасцю. Нашай еднасцю.   

Шмат чаго яшчэ можна казаць, але галоўнае — наша беларуская салідарнасць. Бо пакуль мы не навучымся любіць ды паважаць адзін аднаго, нічога добрага не атрымаецца…

Верш з-за кратаў (снежань, 2020)

Адкуль мы беглі,

Куды імчалі,

Як не палеглі,

Ды не змаўчалі?

 

Каго шукалі,

Каму сьпявалі,

Што баранілі,

Чым аддавалі?

 

З кім на падворку

Настрой дзялілі,

Каб долю здольна

Перамянілі.

 

Па кім сьлязамі

У шлях апошні

Нібыта самі

І кожны з кожным.

 

Каго шукалі,

Каму сьпявалі,

Што баранілі,

Кім аддавалi?

 

Знайсьці жадалі

Свой код адзіны

І разам сталі

Радамі шчыльна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)